Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Кубракоў: пад амністыю могуць патрапіць забойцы, але не «экстрэмісты». Аднак магчымыя выключэньні


Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў
Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню выказаўся пра амністыю, а таксама пра бясьпеку падчас электаральнай кампаніі.

Каротка асноўнае:

  • прааналізавалі амністыю 2022 году: з 5,5 тысяч амніставаных паўторна зьдзейсьнілі злачынства 274 чалавекі, гэта ўсяго 4%;
  • навінка гэтай амністыі: прапанавана прымяніць яе і да асобаў, асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы: у тым ліку за забойствы і злачынствы, якія пацягнулі за сабой сьмерць;
  • прапанова МУС: да тых, хто засуджаны за экстрэмізм і тэрарызм — амністыю не ўжываць. Яны, маўляў, не раскаяліся, а тыя, хто зьехалі за мяжу — не ўсьвядомілі, што паламалі чалавечыя лёсы. МУС — катэгарычна супраць.
  • але магчымыя асобныя выключэньні: «Прэзыдэнт падкрэсьліў: там, дзе грамадзяне – у тым ліку і якія асуджаныя за экстрэмізм – у індывідуальным парадку, калі чалавек раскаяўся, дык амністыя можа быць прымененая. Таму гэтае пытаньне яшчэ будзе прапрацавана дадаткова. Калі сапраўды мы ўбачым гэтую шчырасьць, што людзі раскайваюцца – ну чаму не. У індывідуальным парадку гэта магчыма».

Пра бясьпеку падчас «электаральнай кампаніі» і новыя вайсковыя ўтварэньні

  • пасьля 2020 году, калі сытуацыя была вельмі напружаная, мы правялі працу над памылкамі і прааналізавалі сытуацыю;
  • у 2023 годзе ва ўнутраных войсках было створана 9 спэцпадразьдзяленьняў;
  • пры падрыхтоўцы былі задзейнічаныя інструктары, якія маюць баявы вопыт: «Хачу сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі вырас у разы. Асабліва пры выкананьні спэцыяльных задач»;
  • кожны выбарчы ўчастак абсталююць кнопкамі трывожнай сыгналізацыі. Ва ўсіх рэгіёнах на тэрыторыях, дзе раней былі выбарчыя ўчасткі, ужо ўстаноўлены сыстэмы відэаназіраньня;
  • зацьверджаны комплекс апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў: «Працуюць нашы падразьдзяленьні інтэрнэт-выведкі. Асабліва ў пачатку электаральнай кампаніі ёсьць спробы ўзьдзейнічаць на службовых асоб. Гэта і абразы, і пагрозы, — сказаў Іван Кубракоў. — Ніводнае слова, якое ў інтэрнэце гаворыцца... За кожнае слова давядзецца адказаць».

Амністыю зьбіраюцца прымеркаваць да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацыстаў.

У пералік «экстрэмістаў» улады ўключаюць асуджаных у тым ліку за «дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак», за «паклёп», абразу прадстаўнікоў улады, «зьдзек» зь дзяржаўных сымбаляў, «распальваньне варожасьці», «фінансаваньне „экстрэмісцкіх“ фармаваньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG