Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на канфэрэнцыі «Хэльсынскі дыялёг: будучыня Беларусі»: «Мы па-ранейшаму адданыя пошуку мірнага рашэньня»


Сьвятлана Ціханоўская падчас канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.
Сьвятлана Ціханоўская падчас канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.

11 і 12 студзеня ў фінскай сталіцы Хэльсынкі адбывалася канфэрэнцыя «Хэльсынскі дыялёг: будучыня Беларусі».

У ёй бралі ўдзел палітыкі, грамадзкія дзеячы, экспэрты, у тым ліку і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, міністарка замежных справаў Фінляндыі Эліна Валанэн, кіраўнік Камітэту ў міжнародных справах фінскага парлямэнту Кіма Кюленен, генэральная сакратарка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Дэспіна Хацівасіліу-Цовіліс.

Выступаючы на канфэрэнцыі, Сьвятлана Ціханоўская сказала:

«Тэрмін "фінляндызацыя", калісьці сымбаль стратэгічнага нэўтралітэту, цяпер адлюстроўвае спадчыну сьцьвярджэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці і выбару шляху свабоды. Фінскі досьвед паказвае нам, што трансфармацыя магчымая — што нацыя можа выйсьці зь ценю большай дзяржавы, каб ярка зьзяць на сваіх уласных умовах. Вольная, дэмакратычная і квітнеючая Беларусь — гэта ня мара; гэта будучыня, якую мы поўныя рашучасьці рэалізаваць.

Тры гады таму беларусы зрабілі выбар паміж дэмакратыяй і тыраніяй, паміж правамі чалавека і беззаконьнем. Наш пратэст быў мірным і рашучым. З таго часу наша мэта не зьмянілася: мы па-ранейшаму адданыя пошуку мірнага рашэньня. Мы хочам, каб пераход да дэмакратыі быў ня толькі мірным, але і ўстойлівым. Таму мы распрацоўваем Канстытуцыю і новы выбарчы закон. Мы павінны зрабіць так, каб у Беларусі ніколі больш не паўтарылася тыранія».

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская таксама нагадала пра лёс беларускіх палітвязьняў, гэтая тэма была адной з галоўных на канфэрэнцыі:

«Нельга таксама забываць пра больш чым паўтары тысячы палітвязьняў у Беларусі. Многія знаходзяцца ў цяжкім стане і тэрмінова патрабуюць нашай дапамогі. Мы для іх адзіны выратавальны круг, і мы павінны працягваць змагацца за іх вызваленьне. Салідарнасьць, якая патрэбная людзям у Беларусі, таксама павінна быць адчувальнай і практычнай. Нам трэба вызначыць канкрэтныя спосабы дапамогі ім».

Напярэдадні Ціханоўская правяла перамовы з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Анты Пэтэры Орпа, міністаркай замежных справаў Элінай Валтанэн. сьпікерам парлямэнту Юсі Хала-аха.

Вынікі канфэрэнцыі «Хэльсынскі дыялёг: будучыня Беларусі» падвёў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі:

«Гэты дыялёг дасягнуў сваёй мэты — абʼяднаць нас вакол нашай агульнай мэты, дасягненьня дэмакратычнай і эўрапейскай будучыні Беларусі. Мы чулі шмат розных пунктаў гледжаньня, але ўсе згодныя ў адным: што імкненьне да дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека пераўзыходзіць межы і абʼядноўвае нас усіх у агульнай справе. Беларусь чакае складаны шлях, але дзякуючы падтрымцы і салідарнасьці, якія тут прадэманстраваныя, я, як ніколі, упэўнены, што наш шлях прывядзе нас да будучыні свабоды і дэмакратыі для нашых людзей».

Падчас канфэрэнцыі.
Падчас канфэрэнцыі.

Удзельнікі канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.
Удзельнікі канфэрэнцыі ў Хэльсынкі.

Падчас візыту дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў у Фінляндыю ў фінскім парлямэнце была створаная група «За дэмакратычную Беларусь».

Як паведаміў прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька, Фінляндыя стала 24-й краінай, дзе распачынае працу адмысловая дэпутацкая група па Беларусі. Ачоліў групу Кіма Кюленен, кіраўнік парлямэнцкага Камітэту ў міжнародных пытаньнях фінскага парлямэнту.

Лябедзька заявіў, што парламэнтары зь Фінляндыі гатовыя папоўніць шэрагі хросных для беларускіх палітвязьняў, а парлямэнт Фінляндыі гатовы правесьці прававую экспэртызу падрыхтаваных праектаў законаў для новай Беларусі.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG