Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве беларускага добраахвотніка асудзілі ўмоўна, ён прызнаў віну і мае вярнуцца на фронт


Юры Белавусаў (справа) з пабрацімам, архіўнае фота
Юры Белавусаў (справа) з пабрацімам, архіўнае фота

Суд прызнаў Юрыя Белавусава вінаватым у катаваньні чалавека і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 3 гады. Па яшчэ двух абвінавачаньнях суд закрыў справы.

Грамадзянін Беларусі Юры Белавусаў са жніўня 2022 году служыў па кантракце ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленьне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый краіны, але яго затрымалі праз абвінаачаньне ў выкраданьні чалавека, яго катаваньні і пагрозе забойствам. Ён прызнаў сваю віну і пайшоў на пагадненьне са сьледзтвам.

Суд прызнаў яго вінаватым у катаваньні (ч. 2 арт. 127 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны) і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на тры гады.

Па іншых абвінавачаньнях — незаконнае пазбаўленьне волі і выкраданьне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129) — суд вызваліў ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з завяршэньнем тэрмінаў даўнасьці злачынства і закрыў справы.

Суд пастанавіў, што ў пэрыяд выпрабавальнага тэрміну нагляд за Юрыем Белавусам будзе ажыцьцяўляць камандзір вайсковай часткі, у якой ён служыць, а ў выпадку спыненьня службы — упаўнаважаны орган у пытаньнях прабацыі.

Суд абавязаў грамадзяніна Беларусі кампэнсаваць кошт усіх экспэртыз, якія праводзіліся ў справе, у памеры 21 574 грыўняў (каля 600 даляраў ЗША ў эквіваленце. — РС).

Сваё рашэньне суд абгрунтаваў тым, што Юры Белавусаў пайшоў на дамову аб прызнаньні сваёй віны: без агаворак прызнаў сябе вінаватым па ўсіх трох артыкулах пры абставінах, выкладзеных у абвінаваўчым акце, пагадзіўся з правільнасьцю кваліфікацыі ягоных дзеяньняў, «шчыра раскаяўся і папрасіў прабачэньня ў пацярпелага».

«Прычыну ўчыненьня гэтых крымінальных правапарушэньняў ён патлумачыў „інстынктам статку“, жаданьнем стаць „часткай чагосьці важнага“, уплывам кампаніі. Ён адзначыў, што прадметам, падобным да пісталета, якім ён у той дзень пагражаў пацярпеламу, зьяўляецца стартавы пісталет», — адзначаецца ў рашэньні суду.

Юры Белавусаў таксама патлумачыў, што на пачатку судовага разгляду не прызнаваў сваёй віны, «бо ня ведаў, як трэба, не разумеў».

Пацярпелы пагадзіўся з такім выракам суду і зьняў свае прэтэнзіі. Ён паведаміў у судзе, што Юры Белавусаў ужо выплаціў яму 90 тысяч грыўняў кампэнсацыі і паабяцаў яшчэ 10 тысяч грыўняў. Агулам — 100 тысяч грыўняў (крыху менш за 3000 даляраў у эквіваленце. — РС).

Што папярэднічала

Беларуса затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Падставай стала тое, што ён не зьяўляўся на пасяджэньні суду. На судовым пасяджэньні адвакат Юрыя Белавусава заявіў, што той ня мог самавольна пакінуць тэрыторыю вайсковай часткі, каб прыехаць на судовы разгляд справы. Але суд не ўлічыў гэтых абставін.

Яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, баец батальёну «Азоў» 2014 году. Але ён загінуў у 2022 годзе пры абароне Марыюпалю. У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх, які да атрыманьня ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.

Сьледчыя высьветлілі, што ў сьнежні 2017 году Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве і, праяжджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін зь мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны запхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзеньне.

Як удакладніў на адным з судовых пасяджэньняў пракурор, Юры Белавусаў пагражаў пацярпеламу прадметам, падобным на пісталет, загадваў таму «легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны», а гэтыя дзеяньні суправаджаў «біцьцём і іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі».

Першапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 траўня 2020 году. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасьня 2020 году — да таго моманту, калі суд зьмяніў меру папярэдняга стрыманьня на альтэрнатыўную, унясеньне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Ад жніўня 2022-га Юры Белавусаў служыў стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры зьвярталіся ў суд з хадайніцтвам аб узяцьці беларуса на парукі, але суд у гэтым адмовіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG