Яны абвінавачваліся ў крадзяжы маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, злоўжываньні і перавышэньні ўлады, службовай падробцы.
«Дзеяньні фігурантаў былі зьвязаныя з крадзяжом таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў аграпрадпрыемстваў. Размова як аб будаўнічых матэрыялах, так і грашовых сродках. Таксама былі ўнесеныя недакладныя зьвесткі ў дзяржаўную статыстычную справаздачнасьць аб колькасьці вырабленага і рэалізаванага малака ў агульным аб’ёме больш за 5 млн кг», — заявіў пракурор Добрускага раёна Павал Чырыкаў, паведамляе БелТА .
Як паведамляе выданьне Reform.by, абвінавачаньне запытвала для асноўных фігурантаў ад 3 да 7 гадоў калёніі са штрафам, для астатніх — абмежаваньне волі і папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў. Суд прызнаў усіх абвінавачаных вінаватымі. Максымальнае пакараньне па справе склала 6 год пазбаўленьня волі.
У справе праходзілі дзевяць чалавек. Сярод іх — былы першы намесьнік старшыні Добрускага райвыканкама, начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Яўген Ігнаценка, экс-дырэктар сельгаспрадпрыемства «Церахоўка-Агра» Руслан Сакалоў, прызнаны «кіраўніком году» ў 2019 годзе, дырэктар ААТ «Калінінскі», дэлегат УНС Віктар Байдаў, кіраўніца сельгаспрадпрыемства «Жгунскае» Натальля Сцяпанава, дырэктарка ААТ «Чырвоная Буда» Ірына Бяздольная і іншыя кіраўнікі гаспадарак, сярод якіх ёсць дэпутаты мясцовых саветаў.
СК таксама заяўляў, што кіраўнік мясцовага выканаўчага органа і шэраг дырэктараў прадпрыемстваў сыстэмы АПК абвінавачваюцца ў крадзяжах, учыненых шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Галоўнага фігуранта абвінавацілі ў крадзяжы будаўнічых матэрыялаў для будаўніцтва лазьні. Акрамя гэтага, сьледзтва ўстанавіла, што намесьнік старшыні райвыканкама сыстэматычна ладзіў банкеты, для якіх сумесна з дырэктарам адной з гаспадарак выкрадаў прадукцыю ўласнай вытворчасьці сельгаспрадпрыемства. Суму ўрону сьледзтва ацаніла ў больш як 133 тысячы рублёў. Па крымінальнай справе прыцягвалася больш за 40 падазраваных і абвінавачаных амаль усіх сельскагаспадарчых арганізацыяў Добрускага раёну.