Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьняў зь СІЗА №1 у Менску маюць перавесьці ў іншыя месцы зьняволеньня да канца чэрвеня. Што зробяць зь Пішчалаўскім замкам


Пішчалаўскі замак на пачатку ХХ стагодзьдзя, архіўнае фота
Пішчалаўскі замак на пачатку ХХ стагодзьдзя, архіўнае фота

Пішчалаўскі замак, у якім разьмяшчаецца СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, плянуюць вызваліць у другім квартале 2024 году.

Гэта вынікае з афіцыйнага адказу ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму, які зьявіўся ў адным з закрытых чатаў, дзе размаўляюць жыхары Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка».

Пасьля таго як зьявілася інфармацыя, што некаторых зьняволеных з «Валадаркі» пераводзяць у новы ізалятар у Калядзічах, беларус пацікавіўся ў чыноўнікаў, што цяпер будзе з будынкам СІЗА №1. Нагадаем, гэта Пішчалаўскі замак, які ўваходзіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму паведамілі: аб’ект знаходзіцца ў гаспадарчым распараджэньні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

— Паводле наяўнай інфармацыі, вызваленьне плошчаў плянуецца ў другім квартале 2024 году, — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўленьня культуры Віталя Брэля. Гэта значыць, да канца чэрвеня гэтага году СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага плянуюць вызваліць ад зьняволеных.

— Цяпер Менгарвыканкам сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі прапрацоўвае пытаньне далейшага выкарыстаньня гэтага абʼекта, — паведамілі з упраўленьня культуры.

У ведамстве таксама падкрэсьлілі, што замак зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, таму рэканструкцыю там будуць праводзіць у адпаведнасьці з Кодэксам аб культуры і іншымі заканадаўчымі актамі.

У канцы сьнежня 2023 году сваякі зьняволеных СІЗА № 1 паведамілі «Люстэрку», што тым сталі выдаваць апавяшчэньні аб пераводзе ў новы сьледчы ізалятар у Калядзічах з 8 студзеня. Гэтае СІЗА першапачаткова плянавалі адкрыць у 2015 годзе, аднак у 2013 годзе выявіліся факты хабарніцтва і раскраданьня будматэрыялаў, таму тэрміны перанесьлі на 2020 год. У 2018 годзе тэрміны зноў перасунулі — ужо на 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG