9 лютага 2023 году на вуліцы Дамброўскага ў Познані 27-гадовая раварыстка пераяжджала дарогу празь пераход з адмысловай зонай для раварыстаў, нагадвае Most Media. У дзяўчыну ўрэзаўся аўтамабіль Uber, якім кіраваў 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Уратаваць яе не ўдалося.
Суд над беларусам распачаўся ў сьнежні. Цяпер на пасяджэньні заслухалі экспэртаў.
Паводле інфармацыі Radio Poznań, экспэрт Гжэгаж Альбрэхт паведаміў, што для таго, каб своечасова зрэагаваць, кіроўца павінен быў ехаць з хуткасьцю 35 кілямэтраў на гадзіну. Дапушчальная хуткасьць на дарозе складала 50 км/гадзіну, але ў тых умовах бачнасьці яна не адпавядала ўмовам бясьпекі.
Разам з тым экспэрт прыйшоў да высновы, што раварыстка магла заўважыць, што кіроўца не тармозіць, і спыніцца самастойна.
Экспэртыза выявіла, што ў момант ДТЗ абвінавачаны знаходзіўся пад узьдзеяньнем марыхуаны, ступень наркатычнага ап'яненьня адпавядала больш як 0,5 праміле алькаголю. Забароненае рэчыва ў крыві павялічвае час рэакцыі, можа скажаць ацэнку адлегласьці, паведаміў суду экспэрт Артур Цяжык.
Вэрсія кіроўцы
У таксі Аляксандар прыйшоў незадоўга да трагедыі. У дзень аварыі была толькі чацьвёртая яго зьмена. Сам ён кажа, што да таго моманту яшчэ ня вывучыў горад, перасоўваўся з дапамогай навігатара і ня ведаў, у якім месцы пешаходы і раварысты пераходзяць дарогу. А на вуліцы Дамброўскага, дзе здарылася сьмяротнае ДТЗ, быў упершыню.
У той дзень ён рабіў другую сваю паездку з пачатку зьмены, забраў пасажыраў з вакзалу — гэта былі яго знаёмыя беларусы. Незадоўга да пераходу машына заглухла, і ён націснуў на газ, каб завесьціся. Па словах беларуса, ён быў уважлівы, але дапусьціў, што ягоную ўвагу мог адцягнуць навігатар або пасажыры. Паводле кіроўцы, ён ехаў з хуткасьцю 50–60 км/гадзіну.
Ня выключана, што суд прыме рашэньне правесьці экспэрымэнт, каб зразумець, ці была ў кіроўцы магчымасьць пазьбегнуць сутыкненьня.
Паўторны арышт
Аляксандра затрымалі летась у лютым, адразу пасьля ДТЗ. У жніўні судзьдзя прыняў рашэньне вызваліць яго да суду пад падпіску пра нявыезд, бо да таго моманту ў справе былі сабраныя ўсе доказы. Аднак пры кантролі месца яго знаходжаньня высьветлілася, што Аляксандар зьехаў у Шчэцін. Там яго паўторна арыштавалі.
За ДТЗ са сьмяротным вынікам, учыненае пад узьдзеяньнем наркотыкаў, беларусу пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.