Адпаведны дакумэнт 6 студзеня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пастановай ураду № 1000 зьнізілі памер лімітавай максымальнай аптовай і розьнічнай гандлёвай надбаўкі на дзіцячае адзеньне, абутак і цацкі.
На дзіцячае адзеньне і абутак для імпартных тавараў надбаўку зьнізілі з 55 да 30%, для айчынных — з 55 да 40%.
У пастанове цяпер фігуруюць 19 пазыцый дзіцячага адзеньня, сярод іх — курткі і паліто, нагавіцы, спартовыя касьцюмы, швэдры, камізэлькі, кашулі, сукенкі, спадніцы, блюзкі, бялізна для нованароджаных і дзяцей ясельнага ўзросту, майкі, пальчаткі і рукавічкі, трыкатажныя шапкі, калготкі, гольфы, шкарпэткі, майткі, піжамы і інш.
У катэгорыі дзіцячага абутку 6 пазыцый, сярод іх — хатні і гумовы абутак, боты, чаравікі, туфлі, красоўкі, кеды і інш.
Што тычыцца цацак, памер лімітавай аптовай і розьнічнай гандлёвай надбаўкі зьнізілі толькі для прадукцыі беларускіх вытворцаў — з 40 да 30%, цяпер яна роўная надбаўцы на імпартныя тавары.
З 1 студзеня 2024 году ў Беларусі пачала дзейнічаць чацьвёртая вэрсія пастановы № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў», якой чыноўнікі рэгулююць цэнаўтварэньне для вытворцаў, імпартэраў і гандлю.
Згодна зь ёй, з 1 студзеня 2024 году без узгадненьня зь дзяржаўнымі органамі дазволена павышаць цэны ня больш як на 0,3% штомесяц на тавары, цэны на якія кантралюе (124 харчовых і 207 нехарчовых тавараў). Ня больш як на 3,5% да аналягічнага месяца папярэдняга году змогуць павысіць цэны на 8 сэзонных тавараў: бульбу, буракі і моркву (за выключэньнем мытых), капусту, цыбулю, памідоры, агуркі і яблыкі. Таксама дакумэнт прадугледжвае шэраг іншых зьменаў што да цэнаўтварэньня ў Беларусі.