Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі працягне рэгуляваць цэны да канца 2024 году на тавары для сельскай гаспадаркі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Часовае» рэгуляваньне па факце дзейнічае зь лютага мінулага году.

Урад Беларусі і ў 2024 годзе будзе рэгуляваць гранічныя максымальныя аптовыя надбаўкі да адпускной цаны вытворцы або імпартэра на тавары для аграпрамысловай вытворчасьці. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі адпаведную пастанову, якую 29 сьнежня 2023 году выпусьціў Савет Міністраў.

Пастанову прынялі на падставе пункту 2 указу Лукашэнкі ад 13 чэрвеня 2023 г. № 171 «Аб прыняцьці мер у галіне цэнаўтварэньня».

У сьпіс на кантроль і рэгуляваньне цэны на:

  • сродкі аховы расьлін;
  • кармавыя дабаўкі (за выключэньнем кармавых дабавак для катоў, сабак, дэкаратыўных грызуноў, дэкаратыўных птушак і іншых непрадуктыўных жывёлаў);
  • вэтэрынарныя прэпараты для сельскагаспадарчых жывёлаў;
  • насеньне сельскагаспадарчых расьлін (за выключэньнем насеньня, прызначанага для раздробнага гандлю (у спажывецкай упакоўцы), насеньня кветкавых і дэкаратыўных расьлін (насеньне, саджанцы, плады, часткі складаных пладоў, суплодзьдзі, цыбуліны, клубні), цыбулі-сяўка);
  • макуха сланечнікавая, соевая, рапсавая, прызначаная для рэалізацыі на кармавыя мэты або вытворчасьці камбікармоў суб’ектам, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у галіне аграпрамысловай вытворчасьці;
  • машыны і абсталяваньне для аграпрамысловай вытворчасьці.

Надбаўкі імпартэраў застануцца ў межах 25%. Аптовыя надбаўкі не павінны перавышаць 20%.

Пастанова, падпісаная першым намесьнікам прэм'ер-міністра краіны Мікалаем Снапковым, набывае моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня і будзе дзейнічаць да 31 сьнежня.

Надбаўкі на гэтыя тавары абмежавалі ў лютым мінулага году, і яны дзейнічалі да яго заканчэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG