Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Беларуская мытня пачала правяраць пасылкі на наяўнасьць дронаў. За іх выкарыстаньне могуць увесьці крымінальную адказнасьць

Беларуская мытня пачала правяраць пасылкі на наяўнасьць дронаў. За іх выкарыстаньне могуць увесьці крымінальную адказнасьць


Ілюстацыйнае фота
Ілюстацыйнае фота

Беларускія мытнікі будуць правяраць пасылкі з краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу наконт наяўнасьці ў іх бесьпілётнікаў.

Такія пасылкі да іх дастаўкі або ўручэньня фізычным асобам мусяць даставіць у месцы правядзеньня кантролю. Гэта прадугледжвае ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасьня 2023 году «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў».

Таксама пад кантролем мытнікаў апынуцца і «іншыя тавары, у іх ліку рэчывы і матэрыялы, за незаконнае перамяшчэньне якіх празь дзяржаўную мяжу ў Беларусі прадугледжваецца крымінальная адказнасьць», паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

«Інфармацыя аб месцах і парадку правядзеньня кантролю разьмешчаная ў разьдзеле „Перавозчыкам“ адзінага інтэрнэт-парталу мытных органаў», — адзначылі ў ведамстве.

Цяпер у Беларусі разглядаюць пытаньне ўзмацненьня адказнасьці за незаконнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў, ажно да крымінальнай адкажнасьці, паведамляе афіцыйная газэта Гомельскага гарвыканкаму «Гомельскія ведамасьці».

Як расказаў выданьню гомельскі транспартны пракурор Сяргей Казакевіч, у Гомельскай вобласьці зафіксавалі больш за 15 парушэньняў пры выкарыстаньні дронаў і суднаў звышлёгкай авіяцыі. Парушальнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле Казакевіча, сёлета дроны незаконна запускалі над крытычна важнымі аб’ектамі і ў месцах збору людзей, што «стварала пагрозу грамадзкай бясьпецы».

Раней сваім указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.

Цяпер, калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG