Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ў адным штаце ЗША забаранілі экс-прэзыдэнту Трампу балятавацца ў прэзыдэнты


Колішні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Колішні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Штат Мэн стаў другім пасьля Каларада штатам ЗША, у якім афіцыйна забаранілі ўключаць імя Трампа ў бюлетэні на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзяржаўная сакратарка штату Мэн Шэна Белоўз ухваліла рашэньне аб забароне колішняму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу балятавацца на тэрыторыі штату ў прэзыдэнты на першасных выбарах (праймэрыз) Рэспубліканскай партыі.

Такім чынам, штат Мэн стаў другім пасьля Каларада штатам ЗША, у якім афіцыйна забаранілі ўключаць імя Трампа ў бюлетэні на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзяржаўная сакратарка штату Мэн, як і Вярхоўны суд Каларада, абгрунтавала сваё рашэньне датычна Трампа 14-й папраўкай да Канстытуцыі, якая забараняе балятавацца ўдзельнікам мяцяжу. Шэна Белоўз, сябра Дэмакратычнай партыі, як і многія апанэнты Трампа, лічыць, што ён дабіваўся скасаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і падбухторваў сваіх прыхільнікаў да штурму Капітолія ў студзені 2021 году.

Аналягічныя позвы супраць Дональда Трампа раней падалі яшчэ ў некалькіх штатах. Вярхоўны суд Мінесоты ў лістападзе адмовіўся забараняць яму балятавацца, а ў Мічыгане на падставе тэзы аб тым, што дыскваліфікацыя кандыдата ў прэзыдэнты — пытаньне палітычнае, а не юрыдычнае, суд пастанавіў, што Кангрэс краіны, а не судовая ўлада павінен вырашаць, ці можа Трамп застацца ў выбарчых бюлетэнях.

Пасьля супрацьлеглых рашэньняў Вярхоўных судоў некалькіх штатаў апошняй інстанцыяй застаецца Вярхоўны суд краіны. У сераду Рэспубліканская партыя Каларада зьвярнулася з апэляцыяй у Вярхоўны суд ЗША з патрабаваньнем скасаваць рашэньне Вярхоўнага суда штата. Аднапартыйцы Трампа сьцьвярджаюць, што ў выніку гэтага рашэньня «вядучы кандыдат Рэспубліканскай партыі адхілены ад першасных і ўсеагульных выбараў, што зьмяняе курс амэрыканскай дэмакратыі».

Чакаецца, што Вярхоўны суд ЗША неўзабаве прыме пазоў да разгляду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG