Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто ў Менску сабраўся ў дэпутаты: сілавікі, прапагандысты, актывісты праўладных партый


На ўчастку для галасаваньня ў Менску, 2020
На ўчастку для галасаваньня ў Менску, 2020

Акруговыя выбарчыя камісіі ў Менску на 23 сьнежня зарэгістравалі 45 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Гэта вынікае з апублікаванага Цэнтральнай выбарчай камісіяй дакумэнту.

Як піша Белсат, на 23 сьнежня на дэпутацкія мандаты ад Менска прэтэндуюць беспартыйныя — 24, чальцы партыі «Белая Русь» — 13, Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) — 5, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 2, Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) — 1. Усе гэтыя партыі лічацца праўладнымі.

Апазыцыйных партый у краіне не зсталося, іх лідэры знаходзяцца ў турмах і эміграцыі.

Сярод іншых цяпер маюць намер балятавацца старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргей Рачкоў, дзейныя дэпутаты — старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч, прадстаўнік КПБ Сяргей Клішэвіч.

Маюць намер вылучацца ў дэпутаты памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Менску Аляксандр Барсукоў (былы начальнік сталічнай міліцыі і намесьнік кіраўніка МУС), дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і старшыня праўленьня таварыства «Веды» Вадзім Гігін, прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі.

На дэпутацкі мандат прэтэндуе генэральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Дзьмітрый Шаўцоў, якога вінавацяць у датычнасьці да незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.

Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.

Ніводныя выбары ў Беларусі пасьля 1994 года не прызнаваліся свабоднымі і справялівымі. Апошнія выбары прэзыдэнта 2020 году адзначаліся масавымі фальсыфікацыямі, пратэстамі і гвалтам сілавікоў. Яны выклікалі ўнутраны крызіс і міжнароднае асуджэньне. Беларусы замежжа ўпершыню ня змогуць прагалсаваць.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў пазьбягаць удзелу ў рэжымных мерапрыемствах, назваўшы будучую кампанію «рытуалам без сэнсу і справядлівасьці».

«Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам — хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бясьпечных спосабаў супраціву амаль не засталося», —падкрэсьліла яна.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG