Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў праблемы ў Беларускай біятэхналягічнай карпарацыі. Гэты бізнэс зьвязаны з Бакіевым


Аляксандар Лукашэнка і зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў. Менск, 2019
Аляксандар Лукашэнка і зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў. Менск, 2019

У Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі (БНБК) узьніклі праблемы з загрузкай магутнасьцяў і збытам прадукцыі. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка на спэцыяльнай нарадзе аб працы БНБК.

«Справы ідуць не зусім так, як мы плянавалі. Камітэт дзяржкантролю дакладвае: ёсьць істотныя недапрацоўкі і праблемы ў загрузцы магутнасьцяў заводу, збыце гатовай прадукцыі. Усё гэта нэгатыўна ўплывае на фінансавыя паказчыкі БНБК», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для старту працы БНБК «былі створаныя ўсе ўмовы» і «дамовіліся, што будзем усяляк падтрымліваць праект», і запатрабаваў ад ураду «дакладнага альгарытму ліквідацыі ўсіх наяўных недапрацовак».

Яшчэ ў пачатку лістапада дзяржаўныя СМІ пісалі пра «посьпехі БНБК» і пра тое, што «такімі тэхналёгіямі валодаюць толькі сем краінаў у сьвеце».

У BelPol тады заявілі, што ўсё ня так радасна. Як сьцьвярджала аб’яднаньне, БНБК не выконвае вытворчых плянаў, у яе назапашваюцца пратэрмінаваныя крэдыты, ёсьць вялізныя даўгі.

Паводле BelPol, выпуск прадукцыі БНБК у натуральным вымярэньні па выніках 2022 году аказаўся амаль у 2 разы меншы за заплянаваны (260 тысяч тон замест 480 тысяч), а выручка ад рэалізацыі і зусім склала 40% ад пляну (160 млн даляраў замест 400 млн). Сёлета па выніках 8 месяцаў абʼём вытворчасьці — 200 тысяч тон пры гадавым пляне ў 600 тысяч, выручка ад рэалізацыі — 120 млн даляраў пры гадавым пляне 460 млн. Гледзячы на такія вынікі працы, кіраўніцтва карпарацыі ўлетку 2023 году прыняло рашэньне аб зьніжэньні вытворчага пляну да 340 тысяч тон, адзначаюць у BelPol.

Там сьцьвярджаюць, што ў выніку такой правальнай працы ЗАТ «БНБК» цалкам няплатаздольная, ня ў стане выконваць свае крэдытныя абавязаньні і разьлічыцца за зерне, якое закупляе. Кітайскі крэдыт на будаўніцтва БНБК (фактычна прыватнай кампаніі) на суму прыкладна 610 млн даляраў быў выдадзены пад гарантыі беларускага ўраду. Паводле BelPol, асноўны доўг па кітайскіх крэдытах карпарацыя кампэнсаваць нават не пачынала, часткова аплаціла толькі працэнты. Акрамя таго, у кампаніі ёсьць запазычанасьць у кароткатэрміновых крэдытах перад беларускімі банкамі на суму каля 80 млн даляраў, якія таксама бралі пад гарантыі ўраду Беларусі. Замежныя акцыянэры БНБК адмаўляюцца даваць ёй фінансавую падтрымку, сьцьвярджаюць у BelPol.

Што вядома пра карпарацыю

Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Беларускай дзяржаве належыць 25% акцый кампаніі, кітайскім інвэстарам — 29% (гэта СITIC International Investments, якая выступіла генпадрадчыкам на праекце, і COFCO Corporation), яшчэ 45% дзеляць дзьве эмірацкія кампаніі (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) і дзьве шатляндзкія кампаніі (Maxforse LP і Altastar LP), 1% належыць расейскаму інвэстару.

Дырэктарам карпарацыі прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Кіргізстану Даніяра Ўсенава (на радзіме яго чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе). Паводле інфармацыі СМІ, Даніяр Усенаў жыве ў Беларусі.

Ключавым уласьнікам шатландзкіх афшораў — трымальнікам акцый кампаній зьяўляецца Асылбек Саліеў, пляменьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Ён таксама хаваецца ў Беларусі. Паводле зьвестак Tut.by, сярод акцыянэраў таксама могуць быць сам Курманбек Бакіеў і яго сыны Марат і Максім. Сямʼя Бакіева на запрашэньне Лукашэнкі пражывае ў Беларусі з 2010 году. Ён, ягоны брат і малодшы сын знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

У 2023 годзе ў Раду дырэктараў БНБК увайшоў дарадца кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава Леў Грогаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG