«ЭЗ заклікае расейскія ўлады неадкладна вызваліць журналістку Алсу Курмашаву, якой пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі за журналісцкую дзейнасьць. Расейскія ўлады павінны гарантаваць бясьпеку журналістаў і іх права на свабоду слова, а таксама спыніць іх перасьлед», — напісаў Бурэль у сацсетцы X.
Журналістка Татара-Башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава знаходзіцца ў СІЗА з канца кастрычніка па абвінавачаньні ў парушэньні заканадаўства аб так званых іншаземных агентах. Сьледзтва лічыць, што журналістка павінна была сама падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар агентаў. Гэта першая крымінальная справа па гэтым артыкуле ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава віны не прызнае.
12 сьнежня стала вядома, што супраць Курмашавай распачалі яшчэ адну крымінальную справу — па артыкуле аб фэйках пра расейскае войска. Падставай да завядзеньня справы стала кніга «Не вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну», выдадзеная Татара-Башкірскай службай Радыё Свабода ў лістападзе летась. У кнігу ўключаныя апавяданьні жыхароў Паволжа. Зборнік падрыхтаваны на аснове інтэрвію, якія выходзілі на сайце «Idel. Рэаліі» з сакавіка па жнівень 2022 году. Па вэрсіі сьледзтва, Алсу Курмашава мае дачыненьне да распаўсюджваньня кнігі.
Гэта другая крымінальная справа ў дачыненьні да Курмашавай. У кастрычніку суд у Казані прызнаў яе вінаватай у непаведамленьні аб другім грамадзянстве і прыгаварыў да штрафу ў дзесяць тысяч рублёў.
Праваабаронцы заклікаюць расейскія ўлады спыніць крымінальны перасьлед журналісткі, а яе саму — вызваліць. Праваабарончы праект «Падтрымка палітвязьняў. Мэмарыял» прызнаў Курмашаву палітычнай зьняволенай.
- У Курмашавай падвойнае грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году журналістка прыехала ў Казань па сямейных абставінах.
- У чэрвені, перад вылетам дадому, журналістку затрымалі і канфіскавалі абодва яе пашпарты. Пазьней супраць яе распачалі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Вінаватай суд прызнаў яе толькі ў кастрычніку, прызначыўшы штраф у 10 тысяч рублёў. Неўзабаве Курмашаву арыштавалі па другой крымінальнай справе — аб іншаземных агентах.
- Пасьля заключэньня Курмашавай пад варту выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэфры Гедмін заявіў, што «глыбока расчараваны» рашэньнем суду: «Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Алсу, каб яна магла ўзьяднацца са сваёй сям’ёй».
- Затрыманьне журналісткі асудзілі ўлады ЗША, Канады, Чэхіі, Францыі, Польшчы і Швэцыі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) і Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Плятформа Рады Эўропы па садзейнічаньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў апублікавала заклік вызваліць Курмашаву.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.