64-гадовага палітвязьня, мастака Генадзя Драздова пастаянна зьмяшчаюць у карцэр, яго стан здароўя ў няволі моцна пагоршыўся. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Паводле суразмоўцы выданьня, мастака Перакідваюць з карцэра ў карцэр, ён прамярзае, мае завысокі ціск, а таблетак не даюць. Як адзначыла крыніца, «мастак зусім у крытычным стане, нават складае запавет.
Генадзь Драздоў — былы кіраўнік зьліквідаванай творчай суполкі «Пагоня» ў Беларускім саюзе мастакоў.
Яго затрымалі ў жніўні 2022 года і арыштавалі на 15 дзён. Пасьля арышту ён ня выйшаў на волю — у дачыненьні да яго завялі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Пасьля абвінавачаньне было перакваліфікаванае на «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
4 траўня 2023 года Менскі гарадзкі суд прысудзіў палітвязьню тры гады пазбаўленьня волі. Мастак адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4.
Суполку «Пагоня» ліквідавалі
Творчую суполку «Пагоня», якая існавала ў Беларускім саюзе мастакоў, зьліквідавалі, паведаміла агенцтву «Позірк» інфармаваная крыніца.
«Вядома, што гэтае рашэньне было прынята на патрабаваньне Міністэрства культуры», — адзначыла крыніца.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з саюзу раней выключылі палітзьняволенага Генадзя Драздова, які ўзначальваў суполку з 2011 па 2016 год.
Аб’яднаньне было створанае 33 гады таму, у 1990 годзе. Яго мэтамі называлася «разьвіцьцё нацыянальнага мастацтва, зьберажэньне і памнажэньне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці народу».
У 2016 годзе, калі суполка адзначала 25 гадоў існаваньня, паведамлялі, што ў яе шэрагах былі больш за 50 мастакоў. З ініцыятывы чыноўнікаў працы сяброў суполкі ня раз здымаліся з выставаў.