Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нарматывам адпавядалі толькі 25%». НПЦ гігіены праверыў маскі беларускай вытворчасьці, якія выкарыстоўвалі падчас пандэміі COVID-19


Архіўнае фота. Мэдыкі аднаго са шпіталёў Віцебска ў ахоўным адзеньні і мэдыцынскіх масках падчас пандэміі каранавірусу, ліпень 2020 году
Архіўнае фота. Мэдыкі аднаго са шпіталёў Віцебска ў ахоўным адзеньні і мэдыцынскіх масках падчас пандэміі каранавірусу, ліпень 2020 году

Спэцыялісты НПЦ гігіены правялі выпрабаваньні якасьці ахоўных мэдыцынскіх масак, якія вырабляюць у Беларусі, а таксама ўзораў сродкаў дэзынфэкцыі. Вынікі аказаліся несуцяшальнымі.

Пра вынікі гэтай праверкі дырэктар НПЦ гігіены Сяргей Сычык падчас штогадовай міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі «Здароўе і навакольнае асяродзьдзе», паведамляе «Мэдыцынскі весьнік».

«Калі здарылася пандэмія, рэзка паўстала пытаньне аб сродках індывідуальнай абароны для мэдработнікаў, масках айчыннай вытворчасьці. На сёньня маскі ў нас выпускаюць 8 кампаній. Мы закупілі гэтыя маскі, якія ў свой час атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю, прайшлі па ўсіх паказчыках, і правялі дасьледаваньне, праверылі бясьпеку і эфэктыўнасьць.

Дык вось з усіх узораў прынятым нарматывам адпавядалі толькі 25%. Пры гэтым мы ня ўносілі нарматыў па віруснай фільтрацыі (вельмі высокі паказчык). 63% масак не адпавядалі нават нарматывам па бакфільтрацыі», — адзначыў Сяргей Сычык.

Таксама, паводле яго, спэцыялісты НПЦ гігіены правялі выпрабаваньні ўзораў сродкаў дэзынфэкцыі, праверылі канцэнтрацыю актыўна дзейных рэчываў і мікрабіялягічную эфэктыўнасьць. Нарматывам не адпавядаў 31% узораў.

На думку дырэктара НПЦ гігіены, каб вырашыць гэтую праблему, трэба зьвярнуць увагу на працэдуры допуску прадукцыі на рынак (дэкляраваньне), узмацніць адказнасьць за выпуск небясьпечнай прадукцыі, вытворчы кантроль і, магчыма, увесьці дадатковую маркіроўку.

  • Падчас пандэміі COVID-19 у Беларусі ўлады значна заніжалі афіцыйную статыстыку сьмяротнасьці ад каранавірусу, а потым і зусім перасталі яе публікаваць.
  • Паводле Мінздароўя, колькасць памерлых ад COVID-19 на канец 2021 году склала 5578 чалавек. Аднак незалежныя дасьледчыкі, якія прааналізавалі залішнюю сьмяротнасць, зьвязаную з каранавірусам, на працягу першых двух гадоў пандэміі ў розных краінах, прыйшлі да высновы, што ў Беларусі лічбы афіцыйнай статыстыкі заніжаліся ў 14-15 разоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG