Людзі ў Беларусі масава хварэюць на «прастуду». Міністэрства аховы здароўя прызнала штотыднёвы прырост вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў. Больш за 60% з тых, хто захворвае, — дзеці.
Высокая тэмпэратура, слабасьць
Беларуска Марына (імя зьмененае. — РС) у кастрычніку перахварэла на каранавірус. Кажа, што тэст ёй рабілі непасрэдна ў паліклініцы ў месцы жыхарства. Калі Марына зноў захварэла ў сьнежні, ёй зноў зрабілі тэст, але каранавірусу не выявілі.
Жыхарка Гомля Алеся (імя зьмененае. — РС) кажа, што цяпер «павальна» хварэюць школьнікі.
«Даходзіла да таго, што ў клясе маёй дачкі былі на занятках тры чалавекі з дваццаці. Бо гэта школа: тут адзін падчапіў заразу — і панеслася», — зазначыла Алеся.
60-гадовая Вольга падазрае, што вірус у дом прынесла з школы ўнучка — тая перахварэла даволі лёгка і ўжо вярнулася на заняткі. А вось бабуля хварэе ўжо амаль 2 тыдні.
Тэмпэратура ў Вольгі паднялася ў чацьвер увечары. Пачала зьбіваць яе парацэтамолам. Пятніцу і выходныя праляжала з гарачкай, якая даходзіла да 39 градусаў.
«Пад раніцу панядзелка прачынаюся — не пацела, нічога, а не магу галаву падняць. На тэрмомэтры 35 градусаў. Ціск у мяне заўсёды павышаны, а тут рэзка ўпаў да 105 на 80. Раніцай тэлефаную ў сваю паліклініку, каб выклікаць доктара. А мне кажуць: «Дык у вас жа няма тэмпэратуры! А зараз дактары ня ходзяць зь візытамі на дом. Сказалі, што могуць прыслаць памочніка доктара, ён мне ціск і тэмпэратуру памерае. Гэта я і сама магу зрабіць! Вось ужо другі тыдзень жудасная слабасьць, па сьценачцы даходжу да прыбіральні, есьці зусім ня хочацца. Ня ведаю, гэта грып ці ковід», — кажа Вольга.
Мянчук Міхаіл трапіў у лякарню ў адным з раённых цэнтраў Менскай вобласьці — прыехаў у вёску да сваякоў дапамагчы ў гаспадарцы. Пяць дзён у яго трымалася тэмпэратура 39, нібыта нічога не балела, не было ні кашлю, ні насмарку, але адчуваў слабасьць. На 5-ы дзень сваякі выклікалі «хуткую» і Міхаіла адразу паклалі ў раённую лякарню.
«Колюць антыбіётыкі, а які дыягназ, ня кажуць. Маўляў, вірус. Доктарка вельмі стараецца, талковая. Але ўмовы ў гэтай раённай лякарні, як у канцлягеры. Гэта зьнявага чалавечай годнасьці! Вельмі холадна, у палатах па 6-8 чалавек. Памыцца немагчыма. Перавялі ўжо ў трэцюю запар палату, маланаселеную — тут усяго 4 чалавекі. Лечаць, толькі слабасьць моцная. А што лечаць — Бог яго ведае», — не хавае эмоцыяў ад шпіталю ў раённым цэнтры Міхаіл.
Тэстуюць усіх, COVID-19 практычна не выяўляюць
Мэдык з адной зь дзіцячых лякарняў Беларусі ў размове з Свабодай паведаміла, што на COVID-19, як і раней, правяраюць усіх, хто паступае на лячэньне, — і дзяцей, і дарослых, якія іх суправаджаюць.
Марыя (імя зьмененае. — РС) кажа, што цяпер ідзе пад’ём сэзонных рэсьпіратарных захворваньняў, але менавіта каранавірус «ня сеецца», як паказваюць вынікі дасьледаваньняў.
«Мы бяром мазкі на антыгены, праз 30 хвілін бачым вынік. Апошні пацыент, у якога „высеяўся“ каранавірус, быў у нас у лістападзе. Цяпер пераважана фіксуем бокавірусныя інфэкцыі — іх сапраўды шмат», — патлумачыла мэдык.
Бокавірус — вострая рэсьпіраторная інфэкцыя, якая пашкоджвае верхнія і ніжнія дыхальныя шляхі. Пераважна на яе хварэюць дзеці.
Таксама, паводле мэдыка, фіксуюцца адэнавірусы, ротавірусы, вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі і пнэўманіі — як ускладненьне інфэкцыяў.
«Вірусы ў дзяцей пераважна пераносяцца лёгка — два-тры дні пацыент тэмпэратурыць, потым хвароба ідзе на спад. Многія лекары таксама хварэюць, але ў лёгкай форме», — дадала Марына.
Чэргаў на тэсты і прышчэпкі няма
Крыніца Свабоды ў адным з абласных цэнтраў гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя расказала, што цяпер у іх абсалютна няма наплыву пацыентаў на тэсты на каранавірус.
«За дзень на тэст могуць прыйсьці 2-5 чалавек, ня больш. Раней былі гіганцкія чэргі, бо пры выезьдзе за мяжу патрабавалі тэст. Цяпер, як гэта адмянілі, дык людзі і не прыходзяць на тэсты. У асноўным калі хто і зьвяртаецца, то перад апэрацыяй», — патлумачыла суразмоўца.
Тэст на каранавірус каштуе 36 рублёў. Прышчэпкі ад яго робяць бясплатна.
Што да прышчэпак, у Беларусі зараз у асноўным выкарыстоўваюць камбінаваную вэктарную вакцыну «Гам-КОВИД-Вак» (сумеснай вытворчасьці РФ і «Белмэдпрепаратаў»). Прышчапляюць і кітайскім Sinopharm. Аднак значна скарацілася колькасьць прышчэпачных пунктаў. У 2021-2022 гадах прышчэпкі рабілі практычна ва ўсіх паліклініках, шпіталях, іншых мэдустановах і нават у гандлёвых цэнтрах. Цяпер нават у сталіцы ў кожным раёне вызначана па 5-7 паліклінік і лякарняў, дзе можна прышчапіцца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ