Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША забараніў прэзыдэнтам аднаасобна выводзіць краіну з NATO. Тлумачым кантэкст


Дональд Трамп і Джон Болтан
Дональд Трамп і Джон Болтан

Кангрэс ухваліў законапраект, які не дазваляе прэзыдэнту вывесьці ЗША са складу NATO без ухваленьня Сэнату або прыняцьця адпаведнага закону.

З ініцыятывай выступілі сэнатар-дэмакрат Тым Кейн і яго рэспубліканскі калега Марка Рубіё. Палажэньне, прынятае 65 галасамі «за» пры 28 «супраць», падкрэсьлівае прыхільнасьць Кангрэсу альянсу NATO, які станавіўся мішэньню для крытыкі былога прэзыдэнта Дональда Трампа, калі ён быў на пасадзе.

Як зазначае «Голас Амэрыкі», пры Байдэну значэньне альянсу ўзмацнілася, асабліва пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

«NATO праявіла непахіснасьць у адказ на вайну Пуціна ва Ўкраіне і на ўсё большыя выклікі ўва ўсім сьвеце», — заявіў Кейн.

Паводле яго словаў, законапраект «пацьвярджае падтрымку Злучанымі Штатамі гэтага найважнейшага альянсу, які ёсьць асноваю нацыянальнай бясьпекі» краіны.

«Ён таксама пасылае магутны сыгнал аўтарытарным рэжымам ува ўсім сьвеце, што свабодны сьвет застаецца адзіным», — дадаў ён.

Дональд Трамп, вядучы прэтэндэнт на вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, пасылае неадназначныя сыгналы наконт NATO перад выбарамі 2024 году. Прыхільнікі былога прэзыдэнта сьцьвярджаюць, што яго жорсткія выказваньні і крытыка альянсу заахвоцілі хаўрусьнікаў выконваць свае абавязаньні павялічыць выдаткі на абарону да 2 працэнтаў ВУП, што палегчыла цяжар, які нясуць ЗША.

Пры гэтым крытыкі Трампа кажуць, што рыторыка экс-прэзыдэнта аслабляе адзінства і моц альянсу. Яны выказваюць асьцярогі, што Трамп адмовіцца ад абавязаньняў ЗША ў пакце аб узаемнай абароне або цалкам выведзе ЗША з альянсу.

Былы дарадца Дональда Трампа Джон Болтан заявіў улетку, што ў выпадку перамогі экс-прэзыдэнта ЗША на выбарах-2024 Злучаныя Штаты выйдуць з NATO. Болтан займаў пасаду памочніка прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы ў 2018–2019 гадах. У 2019 годзе яго адправілі ў адстаўку ў сувязі са значнымі рознагалосьсямі з Трампам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG