Закрыць памежныя пункты ўрад папрасіла Памежная служба Фінляндыі.
«Стала зразумела, што верагоднасьць незаконнага пранікненьня ў краіну існуе, і яна ўзрасла», — патлумачыў фінскай газэце Yle намесьнік начальніка Памежнай службы Маркку Хасінен.
Ён адзначыў, што ў чацьвер 14 сьнежня у адкрытыя пункты перасячэньня мяжы прыбыў сама меней 91 просьбіт прытулку, зь іх 70 — на памежны пункт Ніірала. Працу КПП давялося прыпыніць у 18:00 на гадзіну з прычыны вялікай колькасьці просьбітаў прытулку — памежнікі не спраўляліся.
У выніку прынялі рашэньне, што пункты пропуску на ўсходняй мяжы зноў закрыюцца 15 сьнежня а 20:00. Міністарка ўнутраных спраў Фінляндыі Мары Рантанен расказала на прэс-канфэрэнцыі, што ўся мяжа Фінляндыі з Расеяй будзе закрытая да 14 студзеня 2024 году.
Яшчэ шэсьць пунктаў пропуску па-ранейшаму не працуюць.
Газэта Helsingin Sanomat са спасылкай на кіраўніка міграцыйнай службы Фінляндыі Анці Лехтынэна паведаміла, што ведамства ў паскораным парадку разглядае больш за 100 заяваў аб наданьні прытулку. Пакуль ні па адной зь іх станоўчага рашэньня не прынялі.
Усяго ў Фінляндыі на разглядзе знаходзяцца больш за 4000 заяваў на атрыманьне прытулку.
У канцы лістапада Фінляндыя заявіла аб закрыцьці ўсіх дзевяці пунктаў пропуску на мяжы з Расеяй з прычыны мігранцкага крызісу, створанага паводле аналёгіі, як у 2021 годзе на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу.
У кастрычніку Латвія закрыла два пункты пропуску. Таксама магчымасьць закрыцьця межаў разглядаюць Нарвэгія і Эстонія.