Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на трэцім месцы ў сьвеце ў колькасьці зьняволеных журналістаў. БАЖ: «Рэжым вядзе вайну з прадстаўнікамі мэдыя»


Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі ў Вільні, Літва. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі ў Вільні, Літва. Архіўнае фота

Беларусь увайшла ў тройку краін з найбольшай колькасьцю зьняволеных журналістаў, вынікае з штогадовай справаздачы арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў».

Паводле зьвестак арганізацыі, у няволі ў Кітаі, М'янме, Беларусі і Віетнаме знаходзіцца больш за палову журналістаў сьвету.

У турме за сваю дзейнасьць цяпер знаходзіцца 521 журналіст, падлічылі аўтары дакладу.

Больш за ўсё зьняволеных у Кітаі (121) і Мʼянме (68).
У Беларусі з улікам тых, хто вызваліўся з калёніі, – 39 журналістаў (32 яшчэ ў зьняволеньні), гэта на сем чалавек больш, чым у 2022 годзе.

Беларусь зьяўляецца краінай з самай вялікай колькасьцю затрыманых жанчын-журналістак (10) пасьля Кітаю (14), вынікае з справаздачы «Рэпартэры бязь межаў».

Гарэцкі: інфармацыя пра зьняволеных журналістаў няпоўная

Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў інтэрвію Свабодзе выказаў падзяку «Рэпартэрам бяз межаў»:

«Разам зь імі і многімі іншымі журналісцкімі арганізацыямі ў сьвеце мы разам правялі сёлета больш чым у 20 краінах акцыі Маратону салідарнасьці, пачынаючы ад Аўстраліі і да Таронта ў Канадзе, дзе прадстаўнікі гэтых арганізацый праводзілі акцыі з партрэтамі нашых зьняволеных калегаў».

Паводле Гарэцкага, гэтыя лічбы актуалізуюць праблему зьняволеных журналістаў у сьвеце, паказваюць, што ў гэтай канкрэтнай краіне балючая праблема, якая гарыць чырвоным колерам.

Цяпер у сьпісе зьняволеных беларускіх журналістаў 33 чалавекі. Але гэта няпоўная інфармацыя, кажа Гарэцкі:

«Мы ведаем шэраг іншых людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Але яны просяць не паведамляць пра гэта публічна. Таму іх папраўдзе больш. 2023 год быў годам судоў, калі судзілі журналістаў, а на месца тых, хто выйшаў на волю, улады набралі чарговую партыю закладнікаў».

Прыкрасьць сытуацыі ў тым, што ўлады саджаюць і людзей, якія ўжо не працуюць у СМІ, пакінулі прафэсію і публічна заявіла пра гэта.

«Але за мінулую працу іх рэпрэсуюць, як гэта было са сьветлагорскім выданьнем „Ранак“, як гэта было з Ларысай Шчыраковай, якая публічна сказала, што пакідае прафэсію».

«Рэжым Лукашэнкі вядзе плянамерную непрыхаваную барацьбу, ці нават можна сказаць вайну, з прадстаўнікамі мэдыя. Журналістаў у Беларусі рэпрэсуюць паводле прафэсійнай прыкметы. Нашы калегі не зрабілі і не напісалі нічога крымінальнага, а проста выконвалі сваю працу, як Генадзь Мажэйка ці іншыя журналісты, якія асьвятлялі пратэсты.

Рэжым Лукашэнкі вызначыў сваёй мэтай і ахвярай журналістаў, бо ён зьвязвае падзеі ў краіне з мэдыя, з інфармацыяй, з асьвятленьнем праблем. Зразумела, што не журналісты кіравалі пратэстамі, але хісткасьць рэжыму Лукашэнкі выявілася пры павелічэньні інфармацыйных тэхналёгій. Ён гэтага прыняць ня можа і вінаваціць у гэтым журналістаў. Ніхто з нашых калег, хто знаходзіцца за кратамі, не зрабіў нічога крымінальнага, усе яны прызнаныя палітычнымі вязьнямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG