Ордэн – адна з вышэйшых дзяржаўных узнагарод краіны. Сярод кавалераў узнагароды – былыя кіраўнікі КНДР Кім Ір Сэн і Кім Чэн Ір, а таксама сам прэзыдэнт Экватарыяльнай Гвінэі і ягоны сын.
Паводле Лукашэнкі, бліжэйшым часам у Малабе пачне працу амбасада Беларусі, а да канца 2024 году ў Менску адкрыецца дыпляматычная місія Экватарыяльнай Гвінэі.
Кіраўнікі абедзьвюх краін падпісалі дарожную карту па разьвіцьцю супрацоўніцтва на 2024-2026 гады, якая ахоплівае 15 напрамкаў узаемадзеяньня. Сярод іх – пастаўку беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўваньня, сельскагаспадарчую сфэру, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю мэдычнага абсталяваньня, лясную гаспадарку, паведамляе Белта.
У ліку пэрспэктыўных праектаў супрацоўніцтва Беларусі і Экватарыяльнай Гвінэі, у тым ліку, названае «будаўніцтва аграгарадка зь неабходнай інфраструктурай». А мэдычныя ВНУ Беларусі прымуць студэнтаў з гэтай афрыканскай краіны.
- Раней паведамлялася, што Беларусь разглядае Экватарыяльную Гвінэю як браму ў Заходнюю і Цэнтральную Афрыку і прапрацоўвае пытаньне аб стварэньні там вытворча-лягістычнага хаба беларускай прадукцыі, які будзе выкарыстаны ў тым ліку для паставак тавараў у суседнія краіны.