Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў ЗША сустрэлася з прадстаўнікамі краін у МВФ


Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі 8 краінаў у Міжнародным Валютным Фондзе
Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі 8 краінаў у Міжнародным Валютным Фондзе

У рамках візыту ў Злучаныя Штаты беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі краінаў у Міжнародным Валютным Фондзе, паведамляе яе прэс-служба.

Гэта першая сустрэча Ціханоўскай з прадстаўнікамі краінаў і накірункаў у МВФ. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 8 з 25 краінаў: Літвы, Aўстрыі, Бэльгіі, Францыі, Грэцыі, Гішпаніі, Ірляндыі і Польшчы.

Ціханоўская распавяла ім пра эканамічную і палітычную сытуацыю ў Беларусі. Разам зь беларускай дэмакратычнай лідэркай удзел у сустрэчы браў Алесь Аляхновіч, дарадца Ціханоўскай у эканамічных пытаньнях.

Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прадстаўнікамі краін у МВФ
Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прадстаўнікамі краін у МВФ

Сьвятлана Ціханоўская распавяла, што эканамісты дэмакратычных сілаў ужо працуюць над праектамі эканамічных рэформаў, у тым ліку ў галіне прыватызацыі, рэформаў у сацыяльнай сфэры, пэнсійнай рэформы і зялёнай эканомікі. Яна выказала пажаданьне, каб МВФ быў гатовы надаць падтрымку ў распрацоўцы і правядзеньні рэформаў у Беларусі пасьля дэмакратычных пераменаў у краіне.

Акрамя гэтага, у рамках візыту ў ЗША Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з экс-прэм'ерам Вялікай Брытаніі Дэвідам Кэмэранам і былым намесьнікам дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Трампа Стывэнам Біганам.

Падчас сустрэчы з Дэвідам Кэмэранам Ціханоўская падзякавала міністру за дыпляматычную супрацу, зьвярнула ўвагу на драматычную сытуацыю з палітвязьнямі і заклікала закрыць лазейкі ў санкцыях у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Таксама абмяркоўвалі магчымасьць стратэгічнага дыялёгу паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсю і магчымасьць прызначэньня спэцпасланьніка па Беларусі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Зьлева направа: экс-прэм'ер Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран, прадстаўнік АПК у замежных справах Валер Кавалеўскі і Сьвятлана Ціханоўская
Зьлева направа: экс-прэм'ер Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран, прадстаўнік АПК у замежных справах Валер Кавалеўскі і Сьвятлана Ціханоўская

З намесьнікам дзяржсакратара ў адміністрацыі былога прэзыдэнта Дональда Трампа Стывэнам Біганам абмяркоўвалі супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, кантакты з краінамі Глябальнага Поўдню і Азіі, казалі пра неабходнасьць прыцягненьня большай увагі да Беларусі ў ЗША, паведаміў «Позірку» галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сьвятлана Ціханоўская і былы намесьнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Трампа Стывэн Біган
Сьвятлана Ціханоўская і былы намесьнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Трампа Стывэн Біган

Як распавялі 9 сьнежня ў прэс-службе Ціханоўскай, трэці дзень Стратэгічнага Дыялёгу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі быў прысьвечаны пытаньням, як падтрымаць беларускую культуру, ідэнтычнасьць, беларускую мову, адукацыю, моладзь, дыяспару і спартоўцаў.

У панэльнай дыскусіі зь беларускага боку ўдзельнічалі Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, прадстаўніца Моладзевай рады Маргарыта Ворыхава, адна з стваральніц Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы Надзея Нортан, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Павал Церашковіч, Яраслаў Бекіш.

  • З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
  • 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
  • 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Падчас іх абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці.
  • 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне прайшоў першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўлялі урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.
  • Па выніках Стратэгічнага дыялёгу створаныя некалькі працоўных групаў, якія будуць дзейнічаць у наступных кірунках: дапамога палітвязьням і прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у рэпрэсіях; дапамога прыватнаму сэктару, культурным ініцыятывам, моладзі і беларускім дыяспарам; падтрымка ўсіх ініцыятываў, скіраваных на наданьне дапамогі ў самой Беларусі, у тым ліку і сумесныя стратэгічныя камунікацыйныя дзеяньні, каб спыніць расейскую агрэсію ў Беларусі.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG