Пра гэта гаворыцца ў рэлізе Дзярждэпартамэнта ЗША.
Як паведамляе «Позірк», у рэлізе адзначаецца, што «дыялёг, які прайшоў пад сустаршынствам беларускага дэмлідара Сьвятланы Ціханоўскай і намесьніка памочніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў па справах Эўропы і Эўразыі Крыстафэра Сьміта», сабраў «прадстаўнікоў шматлікіх урадавых устаноў ЗША з шырокім колам беларускіх дэмакратычных актараў, у тым ліку палітычных лідараў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, незалежных журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, прафсаюзных лідараў, навукоўцаў і простых беларусаў».
Паводле інфармацыі Дзярждэпартамэнту, «абодва бакі асудзілі жахлівае абыходжаньне з беларускімі палітвязьнямі», а таксама «заявілі пра неабходнасьць падтрымаць іх рэабілітацыю і рэсацыялізацыю». Пры гэтым ЗША працягваюць заклікаць «неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць амаль 1.500 палітычных зьняволеных рэжыму». Амэрыканскі бок шукае спосабы «падтрымаць намаганьні па рэабілітацыі іх і іх сем’яў».
Падчас дыялёгу было заяўлена, што ЗША працягнуць прыкладаць намаганьні ў справе прыцягненьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «да адказнасьці за парушэньні ў Беларусі і за мяжой». Сьведчаньнем таму названыя санкцыі, уведзеныя 5 сьнежня ў дачыненьні да 11 кампаній і 8 фізычных асоб, якія «садзейнічалі або былі саўдзельнікамі злачынстваў рэжыму».
У паведамленьні гаворыцца, што спэцыяльны офіс Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) для падтрымкі беларусаў будзе адкрыты ў Вільні ў сьнежні. Адзначаецца, што USAID супрацоўнічае з беларускім народам на працягу 20 гадоў, і новы офіс стане доказам працягу партнэрства з беларусамі, якія «імкнуцца да сувэрэннай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны».
ЗША маюць намер «ініцыяваць абмены і іншыя праграмы, скіраваныя на прасоўваньне і абарону ўнікальнай нацыянальнай і культурнай самабытнасьці беларусаў, уключаючы іх мову, літаратуру, мастацтва і гісторыю».
Дзярждэпартамэнт адзначыў, што ўдзельнікі стратэгічнага дыялёгу абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з «будучым эканамічным разьвіцьцём дэмакратычнай Беларусі, важнай роляй беларускіх дыяспар, ціскам, які чыніцца на незалежныя СМІ, процідзеяньнем дэзынфармацыі і прапагандзе», а таксама «аказаньнем дапамогі Беларусі ў абароне і аднаўленьні свайго поўнага сувэрэнітэту».
Адзначаецца, што амэрыканскі бок непахісна працягвае падтрымліваць «памкненьні беларускага народа да суверэннай, дэмакратычнай будучыні» і вітае «мужных беларусаў, якія многа чым рызыкавалі і працягваюць рызыкаваць дзеля дасягненьня гэтай мэты».
ЗША і прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху «дамовіліся склікаць у бліжэйшыя месяцы працоўныя групы для працягу важных дыскусій, распачатых у рамках стратэгічнага дыялёгу».
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.