Юрыдычныя асобы і грамадзяне, якія жадаюць паўдзельнічаць у дадатковым фінансаваньні выбарчай кампаніі, могуць унесьці грашовыя сродкі ў пазабюджэтны фонд шляхам іх пералічэньня на бягучы (разьліковы) банкаўскі рахунак ЦВК Беларусі, паведамляе прэс-служба Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Адначаецца, што сродкі, якія паступілі ў фонд, выкарыстаюць для аплаты дадатковых расходаў, зьвязаных з правядзеньнем выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасаваньня: выраб блянкаў дакумэнтаў па выбарах, інфармацыйных плякатаў, плякатаў з датай выбараў, матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій.
Ціханоўская: Ці гатовыя вы заплаціць за падман са сваёй кішэні?
Сьвятлана Ціханоўская з гэтай нагоды заявіла:
«Сёньня рэжым аб'явіў аб стварэньні фонду для дадатковага фінансаваныя расходаў на падрыхтоўку і правядзеньне „выбараў“ у адзіны дзень галасаваньня. Беларусам прапанавалі са сваёй кішэні заплаціць за падман, які рэжымныя чыноўнікі называюць „выбарамі“.
Заплаціць за ўлёткі і плякаты, у якіх нахабна хлусяць аб тым, што ў нас ёсьць выбар. Заплаціць за „працу“ камісій, якія фальсыфікуюць вынікі і пазбаўляюць нас права голасу. Заплаціць за выраб блянкаў і бюлетэняў, якія потым выкінуць ува урну. Толькі ня ў тую, якая выкарыстоўваецца для галасаваньня. Беларусы, ці гатовыя вы заплаціць за падман са сваёй кішэні? Я думаю, адказ відавочны.
Гэта падман, у якім мы не павінны ўдзельнічаць. Таму мы прапанавалі 5 спосабаў, як кожны беларус і беларуска могуць выказаць сваю нязгоду з выбарчым фарсам».
- У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае паседжаньне „Ўсебеларускага народнага сходу“ ў новым статусе.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.