Асноўныя тэмы сёньняшніх дыскусій:
- дапамога прыватнаму сэктару і беларускім бізнэсам;
- падтрымка незалежных СМІ, барацьба з дэзынфармацыяй.
Пра склад удзельнікаў, пляны другога дня і магчымыя вынікі перамоваў расказаў галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка:
«Мэта першай сэкцыі — выпрацаваць плян супрацоўніцтва: што амэрыканскі прыватны сэктар можа зрабіць для беларускіх кампаній. Якім чынам падтрымаць рэпрэсаваных бізнэсоўцаў, якія былі вымушаныя выехаць зь Беларусі, а таксама якім чынам паказаць беларусам пазытыўную альтэрнатыву ў будучыні.
У сэкцыі, прысьвечанай СМІ, мы будзем гаварыць пра барацьбу з дэзынфармацыяй. Вельмі важна, каб незалежныя беларускія журналісты, рэпрэсаваныя ўладамі, мелі падтрымку ад ЗША. Амэрыканскія тэхналягічныя кампаніі могуць дапамагчы мэдыя ў вырашэньні практычных пытаньняў. Магчыма, у выніку дыялёгу зьявяцца дамоўленасьці пра правядзеньне супольных івэнтаў, трэнінгаў, стажыровак для нашых журналістаў і блогераў».
Напярэдадні беларускія прадстаўнікі расказалі пра фармаваньне двухбаковай групы па палітвязьнях, а прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што да вызваленьня палітвязьняў зьмякчэньня санкцыяў ня будзе
Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер таксама падкрэсьліў, што ЗША «радыя прымаць першы Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам і вітаць беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятлану Ціханоўскую ў Дзярждэпартамэнце», паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Што да санкцыяў, Мілер нагадаў, што 6 сьнежня офіс кантролю за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненьні 19 фізычных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, працуюць у беларускім абаронным сэктары і падтрымліваюць Расею ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
- З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
- 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
- 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
- Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці. На пытаньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў адказвала Сьвятлана Ціханоўская.
- Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
- 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбываецца першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.