«Мы ня будзем уступаць у BRICS», — заявіла ў сацыяльнай сетцы Х Дыяна Мандына, якую Мілей мае намер прызначыць міністрам замежных справаў пасьля сваёй інаўгурацыі 10 сьнежня.
Меркавалася, што краіна стане сябрам блёку 1 студзеня 2024 году, нагадвае «Голас Амэрыкі».
Лібэртарыянец Мілей падчас перадвыбарнай кампаніі рэзка крытыкаваў Кітай і пагражаў разарваць дыпляматычныя адносіны з Пэкінам. У інтэрвію былому вядоўцу Fox News Такеру Карлсану Мілей заявіў: «Я ня буду мець справу зь ніводным камуністам». Кітай — адзін з ключавых удзельнікаў BRICS нароўні з Бразыліяй, Расеяй, Індыяй і ПАР.
Аргентына была адной з шасьці краін, якія ў жніўні запрасілі ўступіць у блёк. Меркавалася, што яна стане сябрам з 1 студзеня 2024 году. Раней Мандына паспрабавала прынізіць важнасьць BRICS.
«BRICS больш зьвязаны з палітычным раскладам, чым зь перавагамі, якія ён можа даць у гандлі паміж краінамі», — заявіла яна ў інтэрвію два тыдні таму.
- У ліпені стала вядома, што Беларусь мае намер стаць сябрам BRICS. Пра гэта паведаміла прэсавая служба МЗС Беларусі ў камэнтары да сустрэчы пасла Беларусі ў Бразыліі Сяргея Лукашэвіча з намесьнікам міністра замежных справаў Бразыліі Марыяй Люізай Эскарэл дзі Марайс.
- BRICS — гэта хаўрус пяці дзяржаваў: Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Назва-абрэвіятура ўтвораная ад першых літараў назваў гэтых краін па-ангельску.
- Цяпер кандыдаты на ўступленьне ў арганізацыю — Эгіпет, Іран, Аргентына, Альжыр, Банглядэш і Этыёпія. Яшчэ 35 краін, сярод якіх і Беларусь, выказалі жаданьне ўступіць у BRICS.