Ва Ўзброеных сілах Беларусі пачаўся новы навучальны год, які абвясьцілі «годам палявой вывучкі».
«Зь першых дзён асабовы склад Узброеных сіл пачне інтэнсіўнае баявое навучаньне. Пра складаньні пляну баявой падрыхтоўкі на новы навучальны год улічылі досьвед сучасных узброеных канфліктаў», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Міністэрства абароны Беларусі.
У Мінабароны падкрэсьлілі, што асабовы склад будуць вучыць паводле новых мэтодык, якія ўжо сёлета пратэставалі, а таксама ён працягне асвойваць «сучасныя ўзоры ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі. «Галоўная мэта — гарантаваць ваенную бясьпеку дзяржавы», — падкрэсьлілі ў прэсавай службе.
Пасьля падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 годзе ў Беларусі няспынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, якія, як заяўляюць улады, плянуюць з улікам вайны ва Ўкраіне.
Сёлета Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў ухваленьне закону аб «народным апалчэньні», распрацаваным з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У чэрвені ён заявіў, што прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець народнае апалчэньне». У выпадку ваенных дзеяньняў, атрады апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».