У канфэрэнцыі «Шлях да волі» бралі ўдзел прадстаўнікі розных дэмакратычных структураў — Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, Моладзевага блёку, Партыі БНФ, Руху беларускіх нацыяналістаў, ByPol, BelPol і іншыя. Усяго прысутнічалі каля 200 чалавек.
На канфэрэнцыі прынятыя два дакумэнты: «Адозва да вольных народаў сьвету» i Мэмарандум. Пры падпісаньні дакумэнтаў выявілася, што прадстаўнікі шэрагу палітычных структураў ня мелі адпаведных паўнамоцтваў і падпісалі дакумэнты ад уласнага імя.
Намесьнік камандзіра полку імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук у камэнтары Свабодзе зазначыў, што ацэньвае канфэрэнцыю як пасьпяховую: у Кіеве ўдалося сабраць каля 200 чалавек з розных структураў, часам з супрацьлеглымі поглядамі.
«Так, на канфэрэнцыі былі спрэчкі, часам людзі размаўлялі падвышанымі галасамі. Але я не назваў бы гэта скандалам. Супярэчнасьцяў у нас шмат, і добра, што людзі размаўляюць. У іншых варунках гэтыя людзі, можа, ня селі б і не вялі дыялёг. Але ёсьць фактар беларускіх добраахвотнікаў як сілы, да якой аднолькава прыязна ставяцца ўсе структуры і арганізацыі», — заўважыў намесьнік камандзіра полку.
Кабанчук кажа, што на канфэрэнцыю былі запрошаныя тыя, хто падзяляе іх «тэзісы і прынцыпы стратэгіі вызваленьня Беларусі». Раней быў створаны арганізацыйны камітэт, які агучыў стратэгічныя тэзісы.
«У нас не стаяла задача памірыць усе структуры і арганізацыі паміж сабой ці сказаць, што нехта больш варты, нехта – менш. Наша задача — дабіцца кансалідацыі, выпрацаваць стратэгію вызваленьня Беларусі і прыступіць да яе рэалізацыі», — зазначыў Вадзім Кабанчук.
Паводле ягоных словаў, удзельнікі канфэрэнцыі дамовіліся пра стварэньне кансультацыйнай плятформы.
Таксама Вадзім Кабанчук зьняпраўдзіў заявы аб тым, што полк Каліноўскага хоча, каб іншыя беларускія структуры падпарадкоўваліся яму.
«Мы вайсковае фармаваньне. Мы хочам займацца сваім кірункам — сілавым. Мы пра гэта заяўлялі. Мы ня хочам перафарматоўваць іншыя суб’екты ці ствараць новыя. Мы хочам кансалідацыі», — дадаў намесьнік камандзіра полку.