Па непацьверджаных дадзеных, павінны быць вызваленыя 10 ізраільцянак — дзевяць жанчын і адна 17-гадовая дзяўчына. Акрамя таго, могуць быць вызвалены ад 6 да 8 грамадзян Тайлянду. Гэтая інфармацыя ўдакладняецца.
Рэжым спыненьня агню дзейнічае ў сэктары Газа з 24 лістапада. Перапынак павінен быць выкарыстаны для вызваленьня ізраільскіх закладнікаў з Газы ў Ізраіль у абмен на вызваленьне палестынскіх зьняволеных з ізраільскіх турмаў, а таксама дастаўку гуманітарнай дапамогі палестынцам.
Спачатку часовае замірэньне прызначалі на чатыры дні. За гэты час у Ізраіль вярнуліся 51 ізраільцянін і больш за 20 іншаземцаў.
27 лістапада спыненьне агню ў сэкт ары Газа і вызваленьне закладнікаў і палестынскіх зьняволеных былі працягнутыя яшчэ на два дні па формуле вызваленьня 10 ізраільскіх закладнікаў і 30 палестынцаў кожны дзень. Пасьля гэтага часовае замірэньне, паводле зьвестак СМІ, можа быць працягнутае яшчэ на два дні.
Пасярэднікамі пры ўрэгуляваньні канфлікту выступаюць сярод іншых Эгіпет і Катар. У Досе зараз знаходзяцца эгіпэцкія, катарскія, амэрыканскія і ізраільскія афіцыйныя асобы. У сталіцу Катара таксама прыбыў кіраўнік ЦРУ Ўільям Бэрн.