Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны Крыж і Паўмесяц: ХАМАС трымае ізраільскіх закладнікаў каля поля бою


Супрацоўнікі МЧК каля зоны баявых дзеяньняў з вызваленымі з палону людзьмі
Супрацоўнікі МЧК каля зоны баявых дзеяньняў з вызваленымі з палону людзьмі

Ісламісцкая палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША, Эўразьвязе і шэрагу іншых краін, трымае на полі бою закладнікаў, выкрадзеных падчас нападаў на Ізраіль 7 кастрычніка.

Пра гэта заявіў у інтэрвію РБК кіраўнік рэгіянальнай дырэкцыі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і Паўмесяца на Блізкім і Сярэднім Усходзе Фабрыцыё Карбоні.

«Спэцыфіка сытуацыі ў тым, што закладнікаў трымаюць на полі бою, на перадавой. Гэта вельмі нетыпова. Калі паглядзець на іншыя сусьветныя канфлікты, у рамках якіх МЧК наведвае закладнікаў або зьняволеных, то іх звычайна трымаюць не на полі бою, а ў бясьпечных зонах, дзе мы можам мець да іх доступ. Тут жа поле бою, што істотна ўскладняе нашу працу», — расказаў ён.

Прадстаўнік МЧК дадаў, што баевікі ХАМАС не дазваляюць супрацоўнікам наведаць закладнікаў, а Ізраіль у сваю чаргу адмаўляецца дапусьціць прадстаўнікоў арганізацыі да палестынскіх зьняволеных датуль, пакуль ХАМАС ня дасьць мэдычным работнікам доступ да захопленых у палон ізраільцаў.

З словаў Карбоні, вызваленыя з палону людзі траўмаваныя, змардаваныя і ў шоку. Падрабязнасьцяў пра ўмовы, у якіх знаходзяцца ў Газе закладнікі ХАМАС, а таксама палестынскія зьняволеныя ў ізраільскіх турмах, ён не паведаміў, сказаўшы, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.

27 лістапада радыкальная палестынская групоўка ХАМАС перадала МЧК у Газе яшчэ 11 ізраільскіх закладнікаў, выкрадзеных пры нападзе на Ізраіль 7 кастрычніка. У абмен з ізраільскіх турмаў выпушчаныя 33 палестынскія зьняволеныя.

Гуманітарную паўзу ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС працягнуць яшчэ на два дні. Пра гэта паведаміў прадстаўнік міністэрства замежных справаў Катару, які ўдзельнічае ў перамовах. Прадстаўнік ХАМАС пацьвердзіў агенцтву Reuters падаўжэньне ўгоды. Афіцыйнага пацьверджаньня ад ізраільскага боку пакуль не было.

Падчас дадатковых двух дзён замірэньня ХАМАС абавязваецца адпусьціць яшчэ 20 жанчын і дзяцей з закладнікаў. Урад Ізраілю ўжо атрымаў ад ХАМАС сьпіс 10 чалавек, якіх могуць вызваліць наступнымі.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG