Ад Дзяніса Івашына родным даходзяць лісты і паштоўкі, а раз на месяц ён ім тэлефануе. Жонка палітвязьня Вольга Івашына расказала, чым муж заняты ў вязьніцы.
«Большасьць часу займаецца чытаньнем мастацкай літаратуры і розных дапаможнікаў у вывучэньні моваў. Нядаўна замовіў сабе кнігу Габрыеля Гарсія Маркеса (адзін з улюбленых пісьменьнікаў Дзяніса) праз кніжны клюб, чакае, калі прыйдзе замова.
Раз на месяц Дзяніс можа нам тэлефанаваць. Днямі быў чарговы званок. Сказаў, што фізычна адчувае сябе нармальна. А маральны дух на той жа — ледзь не касьмічнай — вышыні. Ён стараецца сачыць за міжнароднымі навінамі, наколькі гэта магчыма за кратамі. У асноўным праз пэрыядычныя выданьні, якія выпісвае», — расказала жонка палітвязьня.
Паводле Вольгі Івашынай, яе муж не забываецца на важныя для гісторыі Беларусі падзеі і гістарычныя даты.
«Паўнамёкамі прыгадаў 10-ю гадавіну пачатку Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне, 4-я ўгодкі пахаваньня паўстанцаў-каліноўцаў 1863-64 гг. у Вільні, 90-ю гадавіну Галадамору і 103-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Усе гэтыя падзеі, паводле Дзяніса, — зьвёны аднаго ланцуга, шматгадовага змаганьня народаў Украіны і Беларусі за свабоду і незалежнасьць ад імпэрыі», — мяркуе Вольга Івашына.
Што да ўмоваў адбыцьця пакараньня, тут у Дзяніса Івашына без асаблівых зьменаў:
«Не працуе, мае толькі штодзённы шпацыр ува ўнутраным дворыку жодзінскай вязьніцы. На ўмовы ня скардзіцца».
- Журналіста з Горадні Дзяніса Івашына арыштавалі ў сакавіку 2021 году і ў чэрвені 2022-га на закрытым працэсе асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня, абвінаваціўшы ў «здрадзе радзіме» і «незаконным зборы і распаўсюдзе зьвестак аб прыватным жыцьці».
- Да арышту Дзяніс Івашын працаваў як рэдактар-валянтэр беларускай вэрсіі сайту міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, а таксама быў няштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».
- Журналіст стаў вядомы дзякуючы сваім расьсьледаваньням пра скандальную будоўлю рэстарацыі ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.
- Праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына палітычным вязьнем.