Беларуская лідарка Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Зьезьдзе нямецкай партыі Зялёных у Карлсруэ разам з віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Хабэкам і міністаркай замежных справаў Нямеччыны Аналенай Бэрбак. Імпрэза сабрала каля 2 тысяч чалавек.
Падчас сваёй прамовы Сьвятлана Ціханоўская падзякавала нямецкім палітыкам за апякунства над беларускімі палітвязьнямі – такіх апекуноў у партыі Зялёных больш за 50. Таксама яна выказала спадзяваньне, што прынятая два тыдні таму рэзалюцыя па Беларусі ў Бундэстагу спросьціць працэдуру легалізацыі беларусаў у Нямеччыны, інфармуе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Яна зьвярнулася да ўдзельнікаў Зьезду з чатырма практычнымі просьбамі:
- падтрымлівайце эўрапейскія памкненьні беларусаў;
- працягвайце дапамагаць палітвязьням, рэпрэсаваным, а таксама СМІ і грамадзянскай супольнасьці;
- паспрыяйце прыцягненьню рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за ўсе зьдзейсьненыя злачынствы;
- дапамажыце Украіне выйграць вайну, бо яе перамога будзе канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі.
«Дапамажыце нам вырваць Беларусь з кіпцюроў Расеі і прывесьці Беларусь у Эўропу. Эўрапейская будучыня для нас неабходнасьць, а ня проста магчымасьць. Калі Беларусь хоча застацца незалежнай краінай, уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз – гэта адзіны шлях, якім можна гэтага дасягнуць», – сказала Ціханоўская.