Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму большасьць беларусаў ухваляе сьмяротнае пакараньне і чаму Расея ня можа стаць дэмакратычнай краінай


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму большасьць людзей у Беларусі ўхваляюць сьмяротнае пакараньне і чаму гэта дрэнна?

— Дрэнна, бо сьведчыць пра нізкі ўзровень разьвіцьця грамадзтва. То бок чалавек і грамадзянін цалкам адсунуты ад прыняцьця рашэньняў у жыцьці краіны. І ён думае так: максымум, што я магу зрабіць, каб самасьцьвердзіцца, — падтрымаць сьмяротнае пакараньне.

Калі ж адбудуцца дэмакратычныя перамены, і грамадзянін атрымае права ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, інакш кажучы, калі ў яго спытаюць, ці гатовы ён сам пэрсанальна выканаць сьмяротны прысуд, думаю, ахвочых будзе няшмат, дакладна ня большасьць.

— Хто сёлета пераможа ў літаратурнай прэміі Гедройця?

— Нават калі я быў у журы прэміі, ня змог бы адказаць пра пераможцу да апошняга дня (сёлета гэта 25 лістапада), а на першае месца выходзілі не абавязкова мае фаварыты. Сёлетняя канкурэнцыя не сказаць каб вострая і кнігі не сказаць каб «выбух». Праўда, магу памыляцца, бо ўсяго яшчэ не чытаў. А магчыма, гэта таму, што прэмія ўжо «ўстаялася» і мае сваю гісторыю. Аднак нешта мне падказвае, што жарсьці закіпяць налета.

— Чаму Расея ня можа стаць дэмакратычнай краінай?

— Бо яна не звычайная краіна, а бязьмежная шостая частка Зямлі, захопленая ў дзясяткаў прыдушаных народаў. Утрымліваць цэнтралізаваную ўладу на гэтай прасторы інакш, як тыраніяй, немагчыма. Увесьці іншую форму ўлады — таксама.

Законы прагрэсу і зьмены пакаленьняў тут не працуюць. Мільёны расейцаў, патэнцыйных прагрэсістаў незваротна зьяжджаюць на Захад, многія трапляюць у турмы. А большасьць тых, хто застаецца, задавальняе такі стан, калі ня трэба самім дбаць пра свой лёс, бо пра цябе заўсёды дбаюць у Крамлі. Ні пачатку, ні канца гэтаму ўсяму не відаць...

— Чаму па-беларуску нельга жадаць добрай раніцы?

— Мовазнаўцы кажуць, што ў беларускага селяніна з пад’ёму пачынаўся дзень, таму — добры дзень! Але беларуская нацыя даўно не сялянская і жыве па ўсім сьвеце, дзе ў розных народаў ёсьць пажаданьне «Добрай раніцы». Можа быць, так віталіся беларускія не сяляне, а князі і графы ў ранейшыя часы...

У кожным разе, няма нічога няправільнага ў гэтым надзвычай прыгожым беларускім вітаньні «Добрай раніцы!» Між іншым, як і для назвы газэты, на маю думку, няма лепшага слова за «Раніцу». Спадзяюся, што будзе такое выданьне, калі ў Беларусь вернецца нармальны друк.

— Ці сапраўды ўсё ў сьвеце неадназначна?

— Аб’ектыўна (з усіх бакоў) пацьверджаная рэальнасьць заўсёды адназначная. Агрэсія Расеі ва Ўкраіне, палітычныя «суды» ў Беларусі, русыфікацыя... Праваднікі гэтых злачынных дзеяньняў апраўдваюць іх мутнымі абстракцыямі кшталту «экстрэмізму», «дыскрэдытацыі» ці якіх-небудзь «бандэраўцаў», а ўрэшце нясуць іншым цалкам адназначную і матэрыяльна намацвальную крыўду, няволю і сьмерць.

«Мы ня можам усяго ведаць» — фраза, за якой заўсёды хаваецца хлусьня. За неадназначнымі словамі заўсёды хаваюцца адназначныя справы.

— Чаму столькі ўвагі ў СМІ юбілею Яўгеніі Янішчыц? Іншых пісьменьнікаў часам і ня ўспомняць.

— Літаратура ўрэшце сама выбірае сваіх герояў і свае легенды. Янішчыц па-сапраўднаму любілі і любяць. Найперш за праўдзівы жаночы голас, які ўпершыню загучаў у бясполай пасьля сталінізму паэзіі. Напэўна, дадаецца тут адчуваньне віны калегаў за такі кароткі лёс паэткі. Плюс да ўсяго, застаецца да канца не разгаданай таямніца яе гібелі.

Станоўчае тут тое, што выгнаныя з краіны СМІ здольныя зьвяртаць увагу шырокага грамадзтва на важныя сымбалі нашай культуры.

— Ці быў у вайну генацыд беларускага народу?

— Нямецкія акупанты праводзілі ў Беларусі Галакост габрэйскага народу — татальнае забойства людзей толькі за тое, што яны габрэі. Немцы не забівалі беларусаў і не зьнявольвалі іх у канцлягер толькі за тое, што яны беларусы, як гэта часьцяком адбываецца сёньня. Гітлераўцы палілі беларускія вёскі і расстрэльвалі людзей у адказ на акцыі савецкіх дывэрсантаў, вывозілі беларусаў на працу ў Нямеччыну... Пры тым у Беларусі працавалі беларускія школы, цывільная адміністрацыя, грамадзкія арганізацыі, што сёньня зьнішчаныя дазваньня.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG