Пра гэта піша партал «Зеркало».
Асабліва пагрозьлівым выглядае той факт, што папярэджаньне аб гэтай зьяве прыйшло ад глябальнай сыстэмы назіраньня за ўспышкамі захворваньняў ProMED — менавіта яна ў канцы сьнежня 2019 году прыцягнула ўвагу многіх лекараў і навукоўцаў, а таксама чыноўнікаў САЗ да загадкавага віруса, пазьней названага SARS-CoV-2.
Што вядома пра кітайскія ўспышкі пнэўманіі зараз?
13 лістапада Нацыянальная камісія здароўя Кітаю паведаміла пра рост выпадкаў рэсьпіраторных захворваньняў у краіне. Чыноўнікі растлумачылі, што такая сытуацыя зьвязаная з адменай антыковідных абмежаваньняў — краіна ўпершыню за тры гады ўваходзіць у халодную пару году бяз строгіх мераў у рамках стратэгіі «нулявой талерантнасьці да COVID-19». Ад гэтай палітыкі, у межах якой улады жорстка ізалявалі ўсіх хворых, а таксама людзей, якія мелі зь імі кантакт, Кітай адмовіўся ў сьнежні 2022 году.
Таксама рост захворваньня чыноўнікі тлумачаць адначасовай цыркуляцыяй адразу чатырох узбуджальнікаў інфэкцыйных захворваньняў: вірусаў грыпу, бактэрый Mycoplasma pneumoniae, рэсьпіраторных вірусаў (РСВ) і каранавірусаў COVID-19.
21 лістапада аб зьяўленьні кластэраў дзіцячых пнэўманій незразумелага паходжаньня на поўначы Кітаю абвясьціла Глябальная сыстэма назіраньня за ўспышкамі захворваньняў ProMED. Успышкі былі зафіксаваныя ў Пэкіне і ў паўночна-ўсходняй правінцыі Ляонін, у прыбярэжным горадзе Сямэнь. Шмат у якіх школах скасавалі заняткі, бо на пнэўманію пахварэлі ня толькі вучні, але і настаўнікі. Дзіцячыя шпіталі там былі перапоўненыя.
У сераду, 22 лістапада, САЗ адправіла афіцыйны запыт Кітаю наконт падрабязнай інфармацыі пра ўспышку. Згодна з правіламі Кітай павінен адказаць САЗ на працягу 24 гадзін — гэта значыць, адказу можна чакаць ужо сёньня.
Паводле інфармацыі пэкінскай карэспандэнткі «Аль-Джазіры», да 23 лістапада адзін з буйных шпіталёў Пэкіну прымаў у аддзяленьні неадкладнай дапамогі каля 1200 пацыентаў з гэтым захворваньнем. Самы вялікі прырост назіраўся ў дзіцячых аддзяленьнях. У пэкінскіх школах адзначаецца высокі ўзровень пропускаў заняткаў, некаторыя клясы распускаюць па дамах як мінімум на тыдзень.
Таксама 23 лістапада зьявіўся афіцыйны камэнтар Нацыянальнай камісіі здароўя КНР. У ім чыноўнікі прызналі, што многія дзіцячыя бальніцы ў краіне перапоўненыя пацыентамі з інфэкцыйнымі захворваньнямі дыхальных шляхоў. Каб не перагружаць сыстэму аховы здароўя, яны раілі зьвяртацца ў шпіталь, калі высокая тэмпэратура трымаецца ў дзіцяці даўжэй за тры дні.
Як працякае «недыягнаставаная пнэўманія»?
Па сьведчаньнях відавочцаў, цяпер у раёнах успышкі пнэўманіі ў Кітаі на яе хварэюць пераважна дзеці. У хворых не назіраецца кашлю ці іншых бачных сымптомаў, акрамя высокай тэмпэратуры. Акрамя таго, у многіх разьвіваюцца лёгачныя вузельчыкі, якія могуць быць спадарожнікамі пнэўманіі.
САЗ яшчэ не вызначылася з тым, што менавіта адбываецца ў Кітаі, але раіць яго жыхарам выконваць меры па зьніжэньні рызыкі рэсьпіраторных захворваньняў:
вакцынавацца ад сэзонных інфэкцыяў; па магчымасьці трымацца на адлегласьці ад хворых людзей; заставацца дома падчас хваробы; забясьпечыць добрую вэнтыляцыю ў сваім жыльлі; абавязкова насіць маскі і рэгулярна мыць рукі.
Пакуль для ўспышкі захворваньня ў Кітаі выкарыстоўваюць тэрмін «недыягнаставаная пнэўманія», бо незразумела, што яе выклікае. Гэта могуць быць як звычайныя вірусы і бактэрыі, гэтак і нейкі новы ўзбуджальнік. У апошнім выпадку досыць рэальнаю выглядае рызыка ўзьнікненьня новай пандэміі — гэта значыць распаўсюду захворваньня па ўсёй плянэце.
Ці трэба рыхтавацца да новай пандэміі?
Імаверна, не. Прынамсі, цяпер нішто не ўказвае на такое разьвіцьцё падзей. Пакуль што экспэрты ў галіне здароўя сыходзяцца на думцы, што Кітай сапраўды перажывае працэс выхаду з карантыну.
Выглядае, што жыхары КНР «пагашаюць даўгі» перад імунітэтам пасьля працяглай ізаляцыі, якая рэзка скараціла цыркуляцыю ня толькі вірусу COVID-19, але і ўзбуджальнікаў іншых інфэкцыяў. Так лічыць, напрыклад, Франсуа Балу — дырэктар Інстытуту генэтыкі Ўнівэрсытэцкага каледжа Лёндану.
На думку прафэсара Пола Хантэра з Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі, цяпер яшчэ занадта мала інфармацыі, каб можна было зрабіць канчатковую выснову, што стала прычынай інфэкцыйнай успышкі ў Кітаі. Але ў цэлым яе карціна не падобная да эпідэміі, выкліканай новым вірусам: навуковец лічыць, што ў такім выпадку было б значна больш выпадкаў захворваньня сярод дарослых.