Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Сяргей Спарыш прачытаў «Замак» Кафкі ў арыгінале


Сяргей Спарыш, архіўнае фота
Сяргей Спарыш, архіўнае фота

Намесьнік старшыні незарэгістраванай партыі «Народная грамада», паплечнік Міколы Статкевіча адбыў у калёніі больш за палову прызначанага судом тэрміну.

Ізалятар, праца на ачыстцы дратоў, самаадукацыя. Вось што было вядома пра паплечніка Мікалая Статкевіча, актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, які яшчэ ў чэрвені 2020 году трапіў за краты і праз год апынуўся ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі, дзе адбывае пакараньне ў 6 гадоў пазбаўленьня волі. Дасьведчаная крыніца расказала Свабодзе пра зьмены ў жыцьці вядомага палітвязьня за кратамі.

«Працаваў на абдзіраньні дратоў, а цяпер вучыцца на маляра-тынкара», — паведаміў суразмоўца. Да зьняволеньня Сяргей Спарыш працаваў зваршчыкам на Менскім заводзе колавых цягачоў, куды ўладкаваўся, калі пакінуў кансэрваторыю. Там ён вучыўся на кампазытара і напісаў сымфонію, але расчараваўся ў музыцы і ўладкаваўся на завод. Каб быць, як ён казаў, «бліжэй да народу».

Пра цяперашні настрой Сяргея крыніца кажа гэтак:

«Трымаецца, застаецца ў добрым гуморы, настрой нармальны. Шмат чытае і піша. Ужо не адзін год піша вялікую працу па гісторыі. Яшчэ працягвае вывучаць францускую і ўдасканальвае нямецкую мову. Вынік добры, калі меркаваць па тым, што ён прачытаў „Замак“ Кафкі на мове арыгіналу, то бок па-нямецку».

Паводле крыніцы, Сяргею Спарышу ўдаецца перадаваць замоўленыя кнігі, хоць «часам бандэролі яму не выдаюць».

«Прыкметна схуднеў. Асабліва на здароўе не скардзіцца, але ў яго праблемы з зубамі, якія там вырашыць складана. Яму даходзяць прадуктовыя пасылкі, таму мае магчымасьць падсілкавацца», — расказала крыніца.

Паводле крыніцы, сувязь зь Сяргеем Спарышом нерэгулярная.

«Бывае, што доўга няма званкоў і лістоў, але потым маўчаньне перарываецца. Вось нядаўна быў кароткі званок».

Яшчэ да 2020 году актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша шмат разоў затрымлівалі на апазыцыйных акцыях. У 2021 годзе яго судзілі ў так званай справе тэлеграм-каналу «Армия с народом» і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку 191-га (перашкаджэньне ажыцьцяўленьню выбарчых правоў.

Гэты артыкул быў выстаўлены актывісту за крытычныя выказваньні ў адрас старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якую шмат хто лічыць адказнай за фальсыфікацыі выбараў у Беларусі. Сваёй віны ні па адным з абвінавачаньняў Сяргей Спарыш не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі Спарыша палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG