Пачалі са старажытных твораў
Лідэр гурту J:Морс Уладзімер Пугач разам са сваімі паплечнікамі стварылі выдавецтва Litaralna. Яно выдала ўжо тры першыя аўдыёкнігі Аўдыёкніжкі на беларускай мове | Litaralnia.
«Я сам слухаю аўдыёкнігі даволі даўно: на шпацырах, у вандроўках, на гастролях. Досьвед студыйнай працы дазваляе рабіць і аўдыёкніжкі, бо гэта вельмі падобны працэс», – кажа Ўладзімер Пугач.
Ідэя выдавецтва належала яму, а паплечнікі з польскага фонду «Życie» знайшлі фінансаваньне. Дзякуючы гэтаму доступ да твораў для слухачоў дармовы.
Музыка хацеў выдаць менавіта старажытныя творы беларускай літаратуры.
«Існуюць падобныя аўдыёпраекты, вельмі добрыя, якія выдаюць дзіцячыя кнігі, кнігі сучасных аўтараў. Але так атрымалася, што літаратура XIX стагодзьдзя, якую варта было б выдаць, менш цяпер карыстаецца ўвагай», – мяркуе ён.
Першая агучаная кніга – «Аповесьць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды» Ігнація Янкоўскага сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Яна апавядае пра жыхароў Наваградка падчас вайны 1812 году.
«Вельмі цікава, як тады жылі людзі, чаго чакалі, на што спадзяваліся, да чаго імкнуліся», – камэнтуе суразмоўца.
Другі агучаны твор, паводле Пугача, адзін з самых важных філязофскіх тэкстаў на беларускай мове пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча.
Трэцяя кніга – «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
«Гэта ня самы лепшы гістарычны твор, але гэта першая кніга па гісторыі, якая прадстаўляе беларускі народ не як аб’ект, а як суб’ект гісторыі», – падсумоўвае выдавец.
Агучылі кнігі Сяргей Бохан, Алег Гарбуз і Аляксандар Памідораў. У працы цяпер яшчэ дзьве кнігі. Яны выйдуць да канца году. На наступны год заплянавалі выданьне яшчэ некалькіх кніг. Назвы і аўтараў выдавецтва пакуль не раскрывае.
Запісаць кнігу ў тры разы даўжэй, чым прачытаць
На агучваньне адной кнігі на 200 старонак ідзе прыкладна 1,5–3 тысячы эўра, дзеліцца Ўладзімер Пугач. Кошт залежыць ад памеру кнігі, мовы, якой яна напісаная (на старажытнай кніга чытаецца павальней), а таксама падрыхтоўкі дыктара – чым менш ён меў практыкі, тым больш часу спатрэбіцца.
«Калі гэта як спэктакль, дзе чытаюць па ролях, і дадаецца музыка, гэта значна даражэй. Такіх праектаў мы пакуль што ня робім», – дадае суразмоўца.
Каб запісаць кнігу, трэба ў тры разы больш часу, чым яе проста прачытаць, кажа Пугач. Каб стварыць адну аўдыёкнігу «пад ключ», выдавецтву спатрэбілася каля месяца. На тры кнігі пайшло 3-4 месяцы.
Музыка ня бачыць у аўдыёкнігах перашкоду для папяровых, наадварот.
«Ці гэта на паперы надрукавана, ці гэта аўдыёфайл, гэта ўсяго толькі пратакол сувязі чалавека з інфармацыяй. З цягам часам гэтыя пратаколы зьмяняюцца. Калі хтосьці праігнаруе папяровую кнігу, але паслухае аўдыё, гэта лепей, чым ён зусім не даведаецца пра гэты тэкст. Лепш рабіць важныя мастацкія творы даступнымі для моладзі», – мяркуе Пугач.
На ягоную думку, пакуль што беларускай літаратуры значна больш, чым праектаў, якія займаюцца стварэньнем аўдыёкніг.
«Калі б зьявіліся яшчэ два дзясяткі падобных праектаў, тады б мы хутчэй зрабілі нашую агульную працу… Жыцьцё за мяжой пагражае асыміляцыяй зь мясцовай культурай… Чаму не інвэставаць свой досьвед, свае веды ў карысную справу – захаваць беларускую літаратуру?», – разважае ён.