Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве IT-кампаніі зь беларускімі каранямі ўвайшлі ў топ‑5 найбуйнейшых падаткаплатнікаў галіны ў Літве


Аркадзь Добкін, заснавальнік ІТ-кампаніі EPAM
Аркадзь Добкін, заснавальнік ІТ-кампаніі EPAM

Дзьве IT-кампаніі зь беларускімі каранямі ў Літве — EPAM Sys­tems і Wargam­ing — увайшлі ў пяцёрку найбуйнейшых падаткаплатнікаў галіны ў Літве.

У двух філіялах EPAM Sys­tems разам працуе больш за 1,4 тысячы супрацоўнікаў. На другім месцы апынуўся Wargaming, дзе працуюць 933 супрацоўнікі, паведамляе Delfi са спасылкай на зьвесткі мясцовых фіскальных органаў.

За студзень — верасень 2023 году першая з гэтых кампаніяў заплаціла 15,8 млн эўра падаткаў (зь іх больш як 3 млн эўра — на прыбытак), другая — 11,8 млн эўра.

Сярод усіх юрыдычных асобаў EPAM Sys­tems займае 58‑е месца сярод найбуйнейшых падаткаплатнікаў Літвы, Wargam­ing — 77‑е.

EPAM Sys­tems — амэрыканская IT-кампанія, заснаваная ў 1993 годзе беларускімі прадпрымальнікамі Аркадзем Добкіным і Леанідам Лозьнерам. Першыя офісы былі адчыненыя ў ЗША і Беларусі.

У 2021 годзе кампанія заняла 1804‑е месца ў сьпісе Forbes Glob­al 2000 і ўвайшла ў S&P 500.

Да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі EPAM Sys­tems актыўна пашырала штат сваёй філіі ў Беларусі, аднак на фоне палітычных рэпрэсіяў і ў сувязі з разьвязанай Расеяй вайной супраць Украіны супрацоўнікі кампаніі пачалі зьяжджаць з краіны. Цяпер яе офісы працуюць, сярод іншага, у Літве, Грузіі, Калюмбіі.

Кампанію Wargam­ing заснавала ў 1998 годзе каманда беларускіх распрацоўшчыкаў на чале зь менчуком Віктарам Кіслым.

7 ліпеня 2022 году кампаніі ў Беларусі і Расеі «Гейм стрым» і «Леста», якія належалі Wargam­ing, былі прададзеныя расейскаму бізнэсоўцу Маліку Хатажаеву.

За тры месяцы да гэтага, 4 красавіка, Wargam­ing абвясьціў аб спыненьні працы ў Беларусі і Расеі. «За апошнія тыдні Wargam­ing правяла стратэгічны агляд бізнэс-апэрацыяў па ўсім сьвеце, — гаварылася ў паведамленьні на старонцы кампаніі ў сацсетцы LinkedIn. — Кампанія вырашыла, што ня будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзьве краіны».

Штаб-кватэра Wargam­ing знаходзіцца ў Нікасіі (Кіпр), асноўны цэнтар распрацоўкі быў у Менску. Таксама цэнтры распрацоўкі разьмешчаныя ва Ўкраіне (Кіеў), Чэхіі (Прага), Фінляндыі (Хэльсынкі), ЗША (Сіетл, Чыкага, Балтымар, Остын) і Аўстраліі (Сыднэй).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG