Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня хочам апынуцца за кратамі». Як беларусы шукаюць прытулку ў Чарнагорыі


Акцыя беларусаў у Падгорыцы з патрабаваньнем да чарнагорскіх уладаў разабрацца зь іх дакумэнтамі, 12 лістапада 2023
Акцыя беларусаў у Падгорыцы з патрабаваньнем да чарнагорскіх уладаў разабрацца зь іх дакумэнтамі, 12 лістапада 2023

Пасьля рашэньня ўладаў у Менску, што беларусы больш ня змогуць працягваць пашпарты ў амбасадах, суполка беларусаў Чарнагорыі просіць урад у Падгорыцы «палёгкі» для далейшага легальнага знаходжаньня ў Чарнагорыі.

Амбасады Рэспублікі Беларусь у Чарнагорыі няма, таму са сваімі справамі беларусы, якія тут жывуць, зьвяртаюцца ў беларускую амбасаду ў Бялградзе. Рашэньне рэжыму Лукашэнкі прадугледжвае, што беларусы, якія жывуць за мяжой, павінны вярнуцца на радзіму, каб атрымаць або засьведчыць любы дакумэнт.

Прадстаўнік беларускай дыяспары ў Чарнагорыі Аляксандар Бубін заявіў Балканскай службе Радыё Свабода, што большасьць ягоных суайчыньнікаў уцякла ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і ў выпадку вяртаньня яны баяцца расправы за сваю антырэжымную дзейнасьць.

«Мы ня хочам парушаць законы Чарнагорыі, але ня можам іх выконваць, не рызыкуючы трапіць у турму або зазнаць палітычныя рэпрэсіі ў нашай роднай Беларусі», — сказаў Бубін.

Каб прыцягнуць увагу ўладаў Чарнагорыі да сваіх праблемаў, беларуская суполка 12 лістапада правяла ў Падгорыцы грамадзкі сход, на якім паведаміла, што беларусы больш ня могуць атрымаць пашпарты ці пасьведчаньні аб шлюбе, дакумэнты аб заканчэньні школы і падобныя дакумэнты ў амбасадзе ў Сэрбіі. Беларусы просяць чарнагорскі ўрад разгледзець рашэньне аб прызнаньні іхных дакумэнтаў, хаця тэрмін многіх зь іх заканчваецца ці ўжо скончыўся.

Плякаты грамадзян Беларусі са зваротам да ўладаў Чарнагорыі
Плякаты грамадзян Беларусі са зваротам да ўладаў Чарнагорыі

«Паколькі многія з гэтых дакумэнтаў неабходныя для атрыманьня дазволу на жыхарства, беларусы з усяго сьвету, калі вярталіся дадому па новыя дакумэнты, траплялі ў „палон“. Фактычна правілы міграцыйнай службы пачалі выкарыстоўвацца як інструмэнт рэпрэсій», — кажа Бубін.

Шэраг грамадзкіх актывістаў Чарнагорыі праявіў салідарнасьць і падтрымаў памкненьні беларусаў. Аляксандар Зэкавіч сказаў, што многія беларусы, якія жывуць у ягонай краіне, — праціўнікі дыктатуры, а таму вярнуцца ў Беларусь, пакуль пры ўладзе Лукашэнка, яны ня могуць.

Зэкавіч спасылаецца на Беларускі Хэльсынскі камітэт, які прыйшоў да такой высновы і ў выніку быў фактычна забаронены ў самой Беларусі Канстытуцыйным судом нібыта за «антыканстытуцыйную і антыдзяржаўную дзейнасьць».

«Урад павінен лічыць скончаныя пашпарты дзейнымі і не настойваць на пэўных сэртыфікатах, як ён паступіў у сытуацыі з Украінай, і цяпер некаторыя тыпы дакумэнтаў не патрабуюцца ад яе грамадзян у пэўных сытуацыях. Гэта тое, чаго хоча і беларуская грамада», — дадаў Зэкавіч.

Улады Чарнагорыі раяцца ў гэтым пытаньні з Эўрапейскім зьвязам і краінамі-партнэркамі.

Аляксандар Бубін у падтрымку пазыцыі беларусаў Чарнагорыі заявіў, што некаторыя эўрапейскія дзяржавы, такія як Польшча, Літва, Латвія і Нямеччына, якія канфліктавалі з рэжымам Лукашэнкі, пачалі прымаць тэрміновыя захады для абароны беларусаў на сваёй тэрыторыі.

«Гэты прыклад уключаў у сябе прыняцьце пашпартоў са скончаным тэрмінам дзеяньня. Такія ж рэкамэндацыі Эўракамісія зрабіла для краін – сяброў ЭЗ і для тых, хто імкнецца да сяброўства», — кажа Бубін.

Урад прэм’ер-міністра Мілойка Спаіча пакуль ніяк не камэнтуе праблемы. Нават пасьля некалькіх дзён чаканьня Балканская служба не атрымала адказаў з офісу прэм’ер-міністра Спаіча і Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі.

У лістападзе 2020 году Чарнагорыя разам з шасьцю іншымі краінамі, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскага зьвязу, далучылася да санкцый, якія 27 краінаў ЭЗ увялі супраць Беларусі ў адказ на жорсткі разгон дэмакратычных пратэстаў, выкліканых сфальшаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG