Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на аўкцыёне прадалі грамату XVI стагодзьдзя аб наданьні Дзісьне герба


Грамата караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста пра наданьне гораду Дзісьне герба. Ілюстрацыя  аўкцыённага дома «Літфонд».
Грамата караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста пра наданьне гораду Дзісьне герба. Ілюстрацыя  аўкцыённага дома «Літфонд».

Рарытэтны дакумэнт напісаны скорапісам на старабеларускай мове і, верагодна, знаходзіўся раней у бібліятэцы роду Тышкевічаў, піша выданьне «Спутник» з спасылкай на аўкцыённы дом «Літфонд».

Грамату караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб наданьні гораду Дзісьне герба прадалі на аўкцыёне ў Расеі, вынікае з інфармацыі на сайце аўкцыённага дома «Літфонд».

Гістарычны дакумэнт быў падпісаны 28 лютага 1567 года ў Кнышыне. Дзякуючы яму беларускі горад атрымаў герб. Пісар Міхаіл Гарабурда склаў тэкст на старабеларускай мове і напісаў яго кірылічным скорапісам.

На ўнікальным гістарычным дакумэнце ў золаце і фарбах зьмешчана буйная рукапісная выява герба, якая выяўляла гарадзкую сьцяну з трыма вежам.

«Даём таму месту Дзісенскаму герб Тры вежы з муру, які герб і на гэтым лісьце нашым вымаляваць есьмо казалі», — гаворыцца ў грамаце.

У апісаньні лота на сайце гаворыцца, што «праз пару гадоў Дзісну запоўнілі уцекачы з Полацку, захопленага падчас Лівонскай вайны войскамі Івана Жахлівага. У 1569 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права і новы герб. Такім чынам, гэтая грамата адлюстравала кароткі гістарычны момант, але выключна важны для гісторыі Дзісны».

Тэкст самой граматы вядомы дасьледчыкам, бо быў выдадзены ў 13-м томе «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі» ў 1886 годзе. Тады аўтары публікацыі спасылаліся на копію дакумэнта ХVІІІ стагодзьдзя, а сам арыгінал граматы захоўваўся ў віленскім магістраце.
Аўкцыён, на якім за 750 тысяч расейскіх рублёў (каля $8,5 тысячы) была прададзеная грамата, адбыўся 16 лістапада. Зьвестак аб прадаўцу і пакупніку «Літфонд» не апублікаваў. Пячатка на дакумэнце гаворыць аб тым, што, пэўна, грамата знаходзілася ў бібліятэцы старажытнага беларускага роду Тышкевічаў.
У дзень аўкцыёну былі прададзены яшчэ два дакумэнты з архіва Тышкевічаў, зьвязаныя зь беларускай гісторыяй. Так, за 550 тысяч расейскіх рублёў пайшлі Грамата вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта III Якаву Мілеўскаму на землі ў Віленскім ваяводзтве, а таксама Грамата вялікай княгіні Літоўскай і каралевы Польскай Боны Сфорцы манастыру Сьвятых мучанікаў Барыса і Глеба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG