У траўні «Беларускі мэталюргічны завод» трапіў пад санкцыі Ўкраіны, у жніўні — ЭЗ і ЗША. Яны прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Эўропе мусяць быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы ня могуць перадавацца заводу наўпрост ці ўскосна. І забараняецца сьвядомы і наўмысны абыход санкцыяў, нагадвае Эўрарадыё.
У ліпені 2023 года кіраўніцтва БМЗ заявіла, што прадпрыемства знайшло новыя рынкі, Усе ключавыя паказьнікі прадпрыемствы голдынгу выканалі, а за першае паўгодзьдзе 2023 году завод экспартаваў прадукцыі на $ 660,5 млн.
У распараджэньні журналістаў ёсьць кантракты БМЗ з кампаніямі Milca Baltija і Eurologistikos bazė. Абедзьве фірмы зарэгістраваныя ў Літве.
Milca Baltija ўжо трапляла ў поле зроку журналістаў-расьсьледнікаў. У верасьні 2023 году БРЦ апублікаваў матэрыял пра тое, што гэтая літоўская кампанія дапамагае абыходзіць санкцыі «Гродна Азоту»: возіць у Эўропу ўгнаеньні пад выглядам узбэцкіх.
Сама кампанія не хавае ў LinkedIn, што асноўная сфэра яе дзейнасьці — гандаль на рынку сталі.
Некаторыя людзі, зьвязаныя з фірмай у сацыяльнай сетцы, адзначаюць у профілях, што яны зь Беларусі. А некаторыя вядуць справы ў Беларусі. Напрыклад, гандлёвы прадстаўнік Milсa Baltija Сяргей Галда.
Як вынікае з дакумэнтаў, Milca Baltija і Eurologistikos bazė зьвязаныя паміж сабой, бо CJSC Milca Baltija аплаціла БМЗ тры замовы UAB Eurologistikos bazė на агульную суму каля 200 тысяч эўра. Краінай прызначэньня тавару, які набывала Milca Baltija, пазначаная Турцыя.
Кантракт БМЗ з CJSC Milca Baltija дзейнічае з 31 траўня 2022 году. То бок ужо пасьля 2 сакавіка 2022-га, калі пачалі працаваць санкцыі.
"Такія дзеяньні літоўскіх кампаніяў можна расцэньваць як парушэньне санкцыяў Эўразьвязу, пералічаных у артыкуле 1q рэглямэнту Рады (ЭЗ) 2022/355 ад 2 сакавіка 2022 году. Яны забараняюць наўпрост ці ўскосна набываць і перавозіць жалеза і сталь і прадукцыю зь іх, калі гэтыя тавары знаходзяцца ў Беларусі або вырабленыя там.
Журналісты пісьмова зьвярнуліся па камэнтары да Milca Baltija і Eurologistikos bazė з просьбай патлумачыць, чаму яны пасьля забароны на гандаль беларускім мэталам працягвалі падпісваць кантракты з БМЗ. На момант публікацыі адказаў Эўрарадыё не атрымала.