Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: «„Гардсэрвіс“ мае цэлы арсэнал зброі, але ахоўвае ўсяго двух чалавек — Шэймана і Алексіна»


Лягатып арганізацыі «Гардсэрвіс»
Лягатып арганізацыі «Гардсэрвіс»

Адна з арганізацый былых беларускіх сілавікоў — BelPol — выпусьціла расьсьледаваньне пра Прыватную вайсковую кампанію «Гардсэрвіс», зьвязаную з рэжымам Лукашэнкі.

У матэрыялах расьсьледаваньня гаворыцца, што «Гардсэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная вайсковая кампанія, якая пачала займацца будаўнічым бізнэсам. Гэтая ПВК мае цэлы арсэнал зброі, пры гэтым ахоўвае ў асноўным, усяго двух чалавек — Віктара Шэймана і Аляксея Алексіна.

У BelPol заявілі, што ў іх распараджэньні аказаўся «цэлы масіў дакумэнтаў», і высьветлілася шмат фактаў пра арганізацыю.

У жніўні 2020 году адзіным заснавальнікам ПВК стаў Аляксандар Мятла — кіраўнік фонду «Памяць Афгану» і дырэктар «Лініі Сталіна». Па інфармацыі BelPol, толькі яму паўнавартасна давярае блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, які мае дачыненьне да стварэньня і рэальнага кіраўніцтва «Гардсэрвісам».

Аляксандар Лукашэнка сваім указам абавязаў дзяржаўную арганізацыю — Беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» — перадаць чатыры будынкі па менскай вуліцы Карвата ва ўласнасьць прыватнай арганізацыі, якой ёсьць «Гардсэрвіс».

Перадача адбывалася як «спонсарская дапамога». Будынкі былі цэнтрамі навучаньня спэцыялістаў у сфэры бясьпекі, у тым ліку там вучылі замежнікаў.

Дакумэнтацыя кампаніі «Гардсэрвіс», раскрытая ў расьсьледаваньні
Дакумэнтацыя кампаніі «Гардсэрвіс», раскрытая ў расьсьледаваньні
Дакумэнтацыя кампаніі «Гардсэрвіс», раскрытая ў расьсьледаваньні
Дакумэнтацыя кампаніі «Гардсэрвіс», раскрытая ў расьсьледаваньні

Форму для «Гардсэрвісу» шыюць у гомельскай калёніі, дзе ўтрымліваюць, у тым ліку, і палітычных зьняволеных.

Цікава, што ў складзе арганізацыі ёсьць падразьдзел, які ўзначальвае таксама сілавік, у якой няма супрацоўнікаў, апрача яго.

Што датычыцца сувязі з алігархам Аляксеем Алексіным, то «Гардсэрвіс» ахоўвае ягоную сядзібу «Родавае гняздо», пра якую пісала ў сваім нядаўнім расьсьледаваньні Свабода.

Паводле аўтараў расьсьледаваньня BelPol, кампанія «Гардсэрвіс» мусіць выплаціць Алексіну 100 базавых велічынь за кожны факт пра сядзібу і яе супрацоўнікаў, які стаў вядомым шырокай грамадзкасьці. Права доступу на сядзібу маюць 24 аўтамабілі. Большасьць аўтамабіляў маюць камбінацыю «0007» на рэгістрацыйных знаках.

Алексін мае асобныя дамовы з 8 стралкамі «Гардсэрвісу», якія ахоўваюць ягоную сядзібу. Асобныя дамовы прадугледжваюць і працы па кашэньні травы і навядзеньні іншага парадку на тэрыторыі сядзібы.

BelPol сьцьвярджае, што ў «Гардсэрвісу» меней за дзясятак кліентаў, і затраты на дзейнасьць арганізацыі перавышаюць прыбытак ад яе кліентаў, з чаго аўтары расьсьледаваньня робяць выснову аб тым, што арганізацыя, якая атрымала так шмат прэфэрэнцый ад дзяржавы зь бюджэту, за грошы падаткаплатнікаў, працуе сабе на страту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG