«Мы бачым паступальны рост як па аб’ёмах грузаў, так і па пасажырах. Месяц да месяца мы паступова расьцем, — цытуе Аляксея Ляхновіча БЕЛТА. — Калі браць напрамкі, па якіх цяпер працуе чыгунка, то з міжнародных гэта Масква і Санкт-Пецярбург. Дзесьці 85% перавозак пасажыраў ідуць менавіта ў гэтым напрамку. Калі браць грузавыя зносіны, то мы ўсе разумеем, што лягістыка памянялася, пераарыентавалася, і сёньня асноўны напрамак у чыгуначных зносінах — парты Санкт-Пецярбурга».
Паводле яго слоў, беларуская чыгунка працуе стабільна. «Выплачвае своечасова заработную плату. Паступова нарошчвае абʼёмы і адпаведна выходзіць на станоўчыя вынікі работы, — адзначыў міністар. — Чыгунка забясьпечвае вываз экспартных грузаў у напрамку Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку ў трэція краіны праз парты РФ».
Міністар паведаміў, што адкрываюцца два новыя маршруты ў Расею: Мінеральныя Воды і Ніжні Ноўгарад.
- Цягнікі з Беларусі ў Польшчу і Літву перасталі хадзіць у 2020 годзе праз пандэмію. Краіны паступова скасавалі рэжым надзвычайнай сытуацыі, зьвязаны з ковідам, аднак пасажырсікя цягнікі ў краіны ЭЗ зь Беларусі так і не паехалі. Прадстаўнікі Польшчы і Літвы зьвязваюць гэта найперш з агрэсіяй Расеі супраць Украіны і ўдзелам у ёй уладаў Беларусі.
- З пачатку году ў структурах «Беларускай чыгункі» штат супрацоўнікаў скараціўся на 996 чалавек, паведамляла сёлета «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Таксама паведамляецца, што БЧ мусіць заплаціць па даўгах 300 млн рублёў.