Сустрэча Джо Байдэна з журналістамі прайшла адразу пасьля сустрэчы лідэраў ЗША і Кітаю ў прыгарадзе Сан-Францыска, Вудсайдзе. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што ўзаемадзеяньне дзьвюх найбуйнейшых эканомік сьвету важнае для ўсёй плянэты і ўплывае на ўсе важнейшыя глябальныя праблемы, зь якімі сутыкаецца чалавецтва: ад зьмены клімату да барацьбы з наркотыкамі і ўкараненьня штучнага інтэлекту.
Байдэн назваў перамовы зь Сі вельмі канструктыўнымі і прадуктыўнымі. У прыватнасьці, лідэры дзьвюх краін дамовіліся аднавіць міжваенныя сувязі і працаваць над абмежаваньнем вытворчасьці наркотыка фэнтанілу. Многія з хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці сынтэтычнага фэнтанілу, паступаюць з Кітаю ў картэлі, якія распаўсюджваюць яго ў ЗША.
«Мы рэалізуем падыход у найлепшых традыцыях амэрыканскай дыпляматыі. Мы вядзем перамовы з нашымі супернікамі, зьбіраемся працягваць і разьвіваць дыпляматыю высокага ўзроўню з КНР па ўсіх кірунках і падтрымліваць адкрытымі лініі сувязі, у тым ліку паміж старшынём Сі Цзіньпінам і мною», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Байдэн паведаміў, што тэмай перамоваў з кітайскім кіраўніком былі і застаюцца ваенныя канфлікты ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе.
Лідэры дзьвюх краін прыбылі ў прыгарад Сан-Францыска для ўдзелу ў працы саміту арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС).
Раней, адкрываючы сустрэчу, Байдэн сказаў, што ЗША і Кітай павінны гарантаваць, што канкурэнцыя паміж імі «не перарасьце ў канфлікт», і кіраваць сваімі адносінамі «адказна».
Сі Цзіньпін назваў адносіны ЗША і Кітаю «найважнейшымі двухбаковымі адносінамі ў сьвеце» і заявіў, што ён і Байдэн «нясуць сур’ёзную адказнасьць за два народы перад сьветам і гісторыяй».
Чаканьні афіцыйных асоб з абодвух берагоў Ціхага акіяну не былі аптымістычнымі, адзначае «Голас Амэрыкі», паколькі Байдэн і Сі зьбіраліся абмяркоўваць Тайвань, сытуацыю ў Паўднёва-Кітайскім моры, вайну паміж Ізраілем і ХАМАСам, уварваньне Расеі ва Ўкраіну, а таксама Паўночную Карэю, пагрозы і правы чалавека — вобласьці, у якіх палітыкі даўно ня могуць прыйсьці да згоды.
Сі раней адзначыў, што Кітай адправіць у ЗША новых пандаў, усяго праз тыдзень пасьля таго, як трох пандаў са Сьмітсанаўскага нацыянальнага заапарку вярнулі ў Кітай. У ЗША засталіся толькі чатыры — у заапарку Атлянты, дамова арэнды на іх канчаецца ў наступным годзе.
Па словах чыноўніка, які паразмаўляў з журналістамі на ўмовах ананімнасьці, Байдэн заявіў, што ЗША маюць намер надалей дапамагаць Тайваню абараняць сябе ад патэнцыйнага кітайскага нападу, а таксама заклікаў Кітай ня ўмешвацца ў выбары на востраве ў наступным годзе. Чыноўнік ахарактарызаваў тайваньскую частку перамоваў як «ясную» і «не гарачую».