Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкадую, што не сустрэліся». Сьвятлана Алексіевіч пра памерлага ў Нямеччыне беларуса, які мог быць яе сваяком


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Можа, я б магла яму дапамагчы», — прыводзіць «Наша ніва» словы пісьменьніцы, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

48-гадовы Віктар Алексіевіч зь Беларусі хацеў атрымаць палітычны прытулак у Нямеччыне і знаходзіўся ў лягеры для ўцекачоў у Цырндорфе. Па словах суседа па пакоі, зь якім гаварыла Радыё Свабода, Віктар сьцьвярджаў, што ён брат пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч.

Сьвятлана Алексіевіч дапускае, што Віктар мог быць яе дваюрадным ці траюрадным братам, але зь ім яна не была знаёмая. Яна прыгадала, як адна журналістка гаварыла ёй пра беларуса, які апынуўся ва Ўкраіне і казаў пра сваяцкія сувязі зь ёю. Пісьменьніца адправіла для яго ліст, але адказу не было.

Ляўрэатка адзначае, што на Гомельшчыне ў вёсцы Камаровічы, адкуль яе бацька, многія маюць прозьвішча Алексіевіч. Там шмат яе родзічаў. У прадзеда было 5 братоў. Быўшы ў Беларусі, яна паставіла дзеду помнік, але бабулінай магілы ёй не ўдалося знайсьці. Бабуля Сьвятланы Алексіевіч памерла ў партызанскім атрадзе ад тыфу.

«Ня думаю, што ён прыдумаў. Ён сапраўды мог быць маім далёкім родзічам, — заўважае пісьменьніца. — Дужа шкадую, што мы пры жыцьці зь ім не знайшліся. Можа, я б магла яму чым дапамагчы».

Віктар Алексіевіч, магчыма, ня першы раз спрабаваў атрымаць прытулак у Нямеччыне. У яго былі праблемы са здароўем. Скардзіўся на прыступы і двойчы траціў прытомнасьць. Расказваў, што баіцца замаху на сябе і што яму пагражалі. Ахова лягеру думала, што ён пад наркотыкамі. Але Віктар кляўся, што нічога не прымаў. У яго абшукалі ўсе рэчы і нічога не знайшлі.

Па словах суседа, Віктар ня быў падобны да наркамана, з усімі камунікаваў адэкватна. У ноч на 7 лістапада ён страціў прытомнасьць, і яго забралі ў шпіталь. Удзень ахоўнікі сказалі, што Віктар Алексіевіч памёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG