Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрыўся форум аб кіраваньні інтэрнэтам Belarus IGF. Што заявілі арганізатары і праваабаронцы


Форум Belarus IGF у 2019 годзе, архіўнае фота
Форум Belarus IGF у 2019 годзе, архіўнае фота

Такія форумы праводзяцца пад эгідай ААН па ўсім сьвеце. У Беларусі такі форум не праводзіўся тры гады.

Арганізатарам форуму, які пяты раз пройдзе ў Беларусі, зьяўляецца кампанія Hoster.by. Яна атрымала падтрымку Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Што кажуць арганізатары

Генэральны дырэктар кампаніі hoster.by Сяргей Павалішаў пракамэнтаваў парадак дня Форуму, яго асаблівасьці і ўклад у разьвіцьцё беларускага інтэрнэту.

«Галоўнае адрозьненьне IGF ад іншых мерапрыемстваў — гэта ня бізнэс-падзея, не фармальная падзея для профільных ведамстваў, не тэхнічная канфэрэнцыя. Гэта заўсёды ўдзел усіх зацікаўленых бакоў — ад прадстаўнікоў міністэрстваў і міжнародных арганізацый да студэнтаў і простых інтэрнэт-карыстальнікаў. Форумы праводзяцца пад эгідай ААН па ўсім сьвеце, для іх не патрэбна асаблівага парадаку дня або прыдатнага часу. Кожная краіна, рэгіён, а таксама штогадовы Global IGF праходзяць са сваёй праблематыкай.

Сяргей Павалішаў, генеральны дырэктар кампаніі «Надзейныя праграмы» (hoster.by), 2019
Сяргей Павалішаў, генеральны дырэктар кампаніі «Надзейныя праграмы» (hoster.by), 2019

Тэмы глябальна дзеляцца на два кірункі, якія і стануць асновай Belarus IGF-2023 — гэта асаблівасьці фармаваньня інфармацыйнага парадку і кібэрбясьпекі. Іншымі словамі, пытаньне даверу зараз стаіць нашмат вастрэй, чым, напрыклад, цікавасьць да тэхналёгій будучыні. Хаця, упэўнены, будзе шмат абмеркаваньняў на тэму штучнага інтэлекту, асабліва на сэкцыі, прысьвечанай парадку дня ў СМІ і сацыяльных сетках. Таксама будзе сэкцыя, прысьвечаная лічбавай інклюзіі і пісьменнасьці — у сацыяльных тэм няма межаў і яны прысутнічаюць у праграме ўсіх IGF. Напрыклад, сёлета сваімі гісторыямі падзеляцца маладыя людзі з абмежаванымі магчымасьцямі з установы „Зьвязаныя дабром зь Вікторыяй“».

Форум не праводзіўся тры гады. Сяргей Павалішаў патлумачыў, чаму яго вырашылі праводзіць сёлета.

«Можна чакаць, пакуль інтэрнэт самастойна пяройдзе на новы ўзровень разьвіцьця, цудоўным чынам вырашыцца пытаньне кібэрзлачыннасьці, якая набірае абароты, інтэрнэт-крамы разьбяруцца, што рабіць з пэрсанальнымі дадзенымі паводле бягучага заканадаўства. Але мы вырашылі „рабіць, што можам, з тым, што маем, там, дзе мы ёсьць“. Гэтыя словы Франкліна Рузвэльта правільныя ў любой сытуацыі».

Таксама Павалішаў падзяліўся інфармацыяй аб удзельніках і партнэрах форуму.

«З самага першага форуму ў 2016 годзе мы атрымліваем вялікую падтрымку з боку Карпарацыі ICANN. Гэта арганізацыя, якая кіруе ўсімі дамэннымі зонамі і IP-адрасамі ў сьвеце. Яе прадстаўнікі нязьменна зьяўляюцца гасьцямі нашага форуму і гэты год ня стане выключэньнем.

Таксама зь міжнародных арганізацый нас падтрымае RIPE NCC. Гэта інтэрнэт-рэгістратар, які адказвае за разьмеркаваньне прасторы IP-адрасоў у Эўропе, Цэнтральнай Азіі і Блізкім Усходзе.

У гэтым годзе форум падтрымаюць таксама Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Адзін з партнэраў — БДУІР. Акадэмічная і тэхнічная супольнасьці традыцыйна актыўна ўдзельнічаюць у IGF і фармаваньні яго парадку дня. Усе папярэднія гады форум зьбіраў больш за 300 удзельнікаў».

Хто такі Павалішаў

Сяргей Павалішаў быў фігурантам крымінальнай «справы Tut.by», ён выйшаў на волю 1 верасьня 2021-га, але ад таго часу заставаўся пад сьледзтвам.

У красавіку 2023 году ён атрымаў станоўчы адказ на сваё прашэньне аб памілаваньні.

Сутнасьць прэтэнзій уладаў у крымінальнай справе супраць ТАА «Тут Бай Мэдыя» была ў тым, што кампанія-рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій нібыта атрымала выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай рэзыдэнтам.

Што заявілі праваабаронцы

Беларускія праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі правядзеньне 15 лістапада ў Менску форуму па кіраваньні інтэрнэтам Belarus IGF, які зьяўляецца часткай глябальнага Internet Governance Forum, што праводзіцца па ўсім сьвеце пад эгідай ААН з 2006 году, піша «Позірк».

На думку праваабаронцаў, мэта форуму — «легітымізаваць дзяржаўную практыку зьнішчэньня свабоды слова», а ўдзел высокапастаўленых замежных партнэраў «будзе садзейнічаць гэтай легітымацыі».

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Беларускага дома правоў чалавека ім Звоскава, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Human Constanta, «Прававой ініцыятывы».

Не асуджаючы нацыянальных арганізатараў мерапрыемства, падпісанты задаюць пытаньні міжнародным партнэрам форуму і заклікаюць іх «разгледзець больш шырокія наступствы свайго ўдзелу».

«Ва ўмовах працяглага палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій у Беларусі зьмястоўны дыялёг паміж зацікаўленымі бакамі немагчымы», — лічаць аўтары, адзначаючы, што з 2020 году свабода інтэрнэту ў Беларусі «знаходзіцца пад пагрозай».

Аўтары ліста-закліку ўспамінаюць факт блякаваньня дзясяткаў незалежных СМІ і клясыфікацыі онлайн-кантэнту пэўных груп як «экстрэмісцкага» або «тэрарыстычнага».

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG