Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар БДУІР падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з былым кіраўніком ГУБАЗіК, які ў 2022 годзе страляў у падлетка


Андрэй Паршын, архіўнае фота
Андрэй Паршын, архіўнае фота

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Вадзім Богуш і начальнік Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці (ДЗАВД) МУС Андрэй Паршын падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве, паведаміла 14 лістапада Міністэрства інфармацыі.

Прэс-служба ведамства адзначае, што «бакі дамовіліся аб сумеснай працы ў навукова-тэхнічнай сфэры і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў». Падрабязнасьці не прыводзяцца.

Да красавіка 2022 году Паршын узначальваў у МУС Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) — структуру, вядомую палітычным перасьледам іншадумцаў. Пасьля гэтага яго перавялі ў Дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

23 чэрвеня 2022 году ў сталічным жылым комплексе «Каскад» у Фрунзэнскім раёне адбылася бойка з удзелам некалькіх чалавек, якая, як паведамлялі незалежныя СМІ, завяршылася стралянінай. Паводле відавочцаў, да інцыдэнту меў дачыненьне Андрэй Паршын. Ён спрабаваў разагнаць кампанію зь пяці падлеткаў, якія сядзелі каля пад’езда ягонага дому.

Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы пацьвердзілі дачыненьне Паршына да інцыдэнту. Сьцьвярджалася, што ён стрэліў з траўматычнага пісталета ў «маладога чалавека Яўгена Ўладзімеравіча Д.», які напаў на яго і «выглядаў старэйшым за свае гады».

Пра пачатак якога-небудзь расьсьледаваньня па факце страляніны ў жылым комплексе не паведамлялася. Пазьней з бацькамі падлетка запісалі «пакаяннае відэа», у якім яны ўсклалі адказнасьць за інцыдэнт на сына, ухвалілі прымяненьне Паршыным зброі і выбачыліся перад ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG