Таргі адбыліся 14 лістапада. За працу мастака зь Віцебску доўга змагаліся два патэнцыйныя пакупнікі, зь якімі іх прадстаўнікі ў залі кансультаваліся па ходзе аўкцыёну праз тэлефон, паведамляе сайт Artnews.com.
У выніку карціна Марка Шагала «Над горадам» з прыватнай японскай калекцыі, назва якой на францускай гучыць як Au-dessus de la ville, пайшла за 13,3 мільёна даляраў, а з усімі падатковымі выплатамі — за 15 616 200 даляраў.
Au-dessus de la ville — аўтарская вэрсія жывапіснай працы Шагала, створанай у 1914–1918 гадах. На Sotheby’s жа была выстаўлена вэрсія 1924 году — твор, над якім Шагал працаваў у Парыжы.
«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханьню, „Над горадам“ — адна з найлепшых карцін, напісаных Шагалам у парыскі пэрыяд, яна адлюстроўвае ключавыя матывы летуценьня, настальгіі і рамантыкі, якія будуць вызначаць творчасьць мастака да яго апошніх дзён», — так прадставілі палатно на сайце аўкцыёну.