Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе расказалі, як неўзабаве будзе выглядаць працэдура выдачы шэнгенскіх візаў і самі візы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Замест традыцыйнай візавай налепкі ў пашпарт будзе ўклейвацца штрыхкод з крыптаграфічным подпісам.

Эўрапейская Рада ўхваліла два рашэньні, паводле якіх пачнецца лічбавізацыя працэдуры выдачы шэнгенскіх візаў.

Як адзначаецца на сайце арганізацыі, новыя правілы дазволяць людзям, якія плянуюць падарожжы ў Шэнгенскую зону, падаваць онлайн дакумэнты на атрыманьне візы.

«Магчымасьць падачы заявы на атрыманьне шэнгенскай візы праз інтэрнэт стане вялікім паляпшэньнем для грамадзян і для разгляду заявы. Гэта спросьціць працэс падачы заявак для падарожнікаў і ў той жа час зьменшыць нагрузку на нацыянальныя адміністрацыі», — паведаміў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Гішпаніі Фэрнанда Грандэ-Марляска Гомэс.

Паводле яго, неўзабаве будзе створана адпаведная плятформа, празь якую можна будзе падаваць заявы на візы. У адпаведную форму трэба будзе ўнесьці ўсе неабходныя зьвесткі, загрузіць электронныя копіі сваіх праязных дакумэнтаў, а таксама сплаціць візавы збор.

Пасьля ўвядзеньня новай працэдуры падаваць дакумэнты ў консульстве асабіста трэба будзе толькі ў выпадку першага атрыманьня шэнгенскай візы або тады, калі састарэлі біямэтрычныя зьвесткі або атрыманы новы праязны дакумэнт.

Плянуецца таксама, што замест традыцыйнай візавай налепкі ў пашпарт будзе ўклейвацца штрыхкод з крыптаграфічным подпісам.

Дата ўвядзеньня новых правілаў будзе вызначана пасьля завяршэньня тэхнічнай працы над візавай плятформай і лічбавай візай.

Цяпер для грамадзян Беларусі магчымасьць атрыманьня шэнгенскіх візаў абмежаваная. Найчасьцей беларусы зьвяртаюцца па атрыманьне нацыянальных візаў Літвы і Польшчы.

Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскую агрэсію супраць Украіны, колькасьць супрацоўнікаў консульскіх устаноў замежных краін у Беларусі істотна скарацілася, а разам з гэтым і магчымасьць атрымаць нацыянальныя візы.

У Шэнгенскую зону ўваходзяць 27 краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG