Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшчу павіншавалі зь Днём незалежнасьці і Ціханоўская, і Лукашэнка


Сьвята незалежнасьці ў Польшчы, 11 лістапада 2023
Сьвята незалежнасьці ў Польшчы, 11 лістапада 2023

105-я ўгодкі незалежнасьці краіны адзначылі ў суботу ў Польшчы.

Сьвятлана Ціханоўская павіншавала Польшчу са сьвятам незалежнасьці. «Мы глыбока цэнім і шануем наша моцнае сяброўства. Народы нашых краін аб’ядноўвае агульная гісторыя, агульныя каштоўнасьці і наша прыхільнасьць Эўропе», – напісала яна ў «Твітары».

Яна падзякавала народу Польшчы за падтрымку беларусаў у барацьбе за свабоду, а польскім палітыкам – за паслядоўнасьць і прынцыповасьць у пазыцыях адносна Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуды сустракаліся ў чэрвені і сьнежні 2021, сакавіку, ліпені і кастрычніку 2022, студзені і траўні 2023.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала яго «віншаваньне народу Польшчы з Нацыянальным сьвятам незалежнасьці». Лукашэнка выказаў надзею, што ў Варшаве «разгледзяць працягнутую Беларусьсю сяброўскую руку супрацоўніцтва».

«Толькі разам крок за крокам мы зможам зрабіць свой унёсак у пераадоленьне канфрантацыі ў нашым рэгіёне. Беларускі бок да гэтага гатовы», – падкрэсьліваецца ў пасланьні.

Апошнім часам Лукашэнка зрабіў некалькі рэвэрансаў у бок Польшчы. 3 лістапада падчас паездкі на атамную станцыю ў Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці ён назваў палякаў і літоўцаў «адным народам фактычна». 27 кастрычніка Лукашэнка пахваліў палякаў за галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах.

  • Афіцыйныя адносіны Варшавы і Менску практычна замарожаныя. Польшча, як і іншыя дэмакратычныя краіны, лічыць сфальсыфікаванымі апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Мяжу з Польшчай больш за два гады штурмуюць нелегальныя мігранты з трэціх краін, якім не перашкаджаюць беларускія памежнікі. Пры гэтым беларускія ўлады крытыкуюць суседзяў за плот, узьведзены на мяжы, матывуючы гэта клопатам аб жывёлах, якія мігруюць. На знак пратэсту супраць крымінальнага перасьледу аднаго з лідараў польскай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута Польшча пакінула адкрытымі толькі два памежныя пераходы – адзін для грузавога і адзін для легкавога транспарту. У Беларусі разбурана або апаганена больш за дзясятак месцаў памяці палякаў.
  • Сьвята 11 лістапада прымеркаванае да дня аднаўленьня нацыянальнага сувэрэнітэту Польшчы ў 1918 годзе. 11 лістапада 1918 году, адразу пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны, Польшча здабыла дзяржаўнасьць. У Маршы незалежнасьці па вуліцах Варшавы ў суботу бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек з усёй краіны. Ва Ўроцлаве прайшоў нефармальны парад-квэст, у Кракаве – Забег незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG