Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад халадоў колькасьць спроб незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы скарацілася


Знак на латвійскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Знак на латвійскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

За мінулыя суткі перадухілілі 56 спробаў незаконнага перасячэньня мігрантамі мяжы Латвіі з боку Беларусі.

«Вядома, халады ўнесьлі свае карэктывы, колькасьць парушэньняў зьменшылася, але ў той жа час мы бачым, што спробы незаконных перасячэньняў польска-беларускай мяжы павялічыліся», — сказаў у эфіры LSM начальнік Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Гунтыс Пуятс.

Хоць колькасьць парушэньняў латвійскай мяжы зьніжаецца, халады патрабуюць і іншых задач — парушальнікаў неабходна забясьпечыць вопраткай, абуткам і цёплай ежай, растлумачыў кіраўнік памежнай службы.

Па словах Пуятса, сёлета мігранты былі больш агрэсіўнымі, адбыліся шматлікія напады на памежнікаў, пашкоджана дзясяткі платоў.

«Былі спробы закідваць камянямі, а таксама фізычныя напады на памежнікаў, супраціў пры затрыманьні. Гэты год быў напружаным, і Латвія была сёлета асноўнай мішэньню для выканаўцаў гэтай гібрыднай вайны», — падкрэсьліў Пуятс.

Па стане на 3 лістапада Латвія ўжо пабудавала на мяжы зь Беларусьсю загароду працягласьцю 92,1 км. Агулам за гэты год плянуюць ўзьвесьці 112 км, паведаміла LETA з спасылкай на МУС краіны. Налета плянуюць узьвесьці 30 км плоту на ўчастках уздоўж вадаёмаў.

Тым часам польскія памежнікі 6 лістапада зафіксавалі 120 спроб незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі. Сярод іх былі грамадзяне Этыёпіі, Самалі, Сырыі і Эрытрэі.

Мігранцкі крызіс працягваецца з 2021 году

  • Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
  • Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
  • Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
  • Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG