Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус паехаў ва Ўкраіну з польскім праязным дакумэнтам і ледзь ня трапіў пад экстрадыцыю


Украінска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Украінска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Інцыдэнт адбыўся 31 кастрычніка на пункце пропуску «Рава-Руска» ў Львоўскай вобласьці.

На мяжы ва Ўкраіне затрымалі грамадзяніна Беларусі, які ехаў з Польшчы на падставе выдадзенага там праязнога дакумэнту.

Інцыдэнт адбыўся 31 кастрычніка на пункце пропуску «Рава-Руска» ў Львоўскай вобласьці. Беларуса, ураджэнца горада Пружаны Берасьцейскай вобласьці, затрымалі на падставе «чырвонай» карткі Інтэрполу.

Беларусь абвясьціла яго ў міжнародны вышук за махлярства, учыненае ў вялікім памеры (паводле частак 1, 2, 3 артыкулу 209 КК, караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў без або з штрафам).

Украінскія праваахоўнікі склалі на грамадзяніна Беларусі адпаведны пратакол, а пракуратура Львоўскай вобласьці зьвярнулася ў суд па экстрадыцыйны арышт на 40 дзён да атрыманьня запыту пра ягоную выдачу ад кампэтэнтных органаў Рэспублікі Беларусь. Аднак суд адмовіў пракуратуры ў задаволеньні хадайніцтва пракурора.

Судзьдзя матываваў сваё рашэньне тым, што пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну «у дачыненьнях зь Беларусьсю немагчыма выконваць міжнародныя пагадненьні ў пытаньнях прававой супрацы ў цывільных і крымінальных справах, у тым ліку з адпаведнымі органамі Рэспублікі Беларусь аб экстрадыцыі асобы».

Апроч таго, судзьдзя зьвярнуў увагу на тое, што «дзейнасьць дыпляматычных прадстаўніцтваў Украіны ў Рэспубліцы Беларусі і Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне, а таксама любыя дыпляматычныя кантакты спыненыя».

Паведамляецца, што пасяджэньне суду адбывалася ў рэжыме відэасувязі. Грамадзянін Беларусі меў двух адвакатаў і перакладчыка.

У той жа час гэтае судовае рашэньне яшчэ не набыло юрыдычнай моцы, паколькі пракуратура можа яго абскардзіць у апэляцыйным парадку.

Прозьвішча грамадзяніна Беларусі не называюць, згодна з заканадаўчай нормай аб абароне пэрсанальных зьвестак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG